# У трох вёсках Маларыцкага раёна аўтобус пойдзе толькі пасьля званка дыспэтчару

- URL: https://syn.by/hramadztva/autobus-pojdzie-tolki-paslia-zvanka/
- Published: 2026-11-11T15:00:54+00:00
- Updated: 2026-11-11T15:00:54+00:00
- Section: Грамадзтва
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/avtobus-maloritskogo-rayona-posle-zvonka.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/bus-run-maloryta-district.md

> Экспэрымэнт доўжыцца да 31 сьнежня 2026 году. Калі Мінтранс палічыць яго пасьпяховым, з 2027 году схему могуць распаўсюдзіць на ўсю Беларусь.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6999-1024x585.webp)

У Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласьці тэстуюць новую схему прыгарадных перавозак: аўтобусы заяжджаюць у малалюдныя вёскі толькі паводле папярэдніх заявак пасажыраў. Пілётны праект Міністэрства транспарту і камунікацый стартаваў 29 верасьня і будзе доўжыцца да 31 сьнежня 2026 году.

Каб паехаць, жыхар павінен за дзень да паездкі патэлефанаваць дыспэтчару па адзіным нумары і пакінуць заяўку на канкрэтную дату. Бяз званка аўтобус у вёску не ідзе: рашэньне, ці будзе рэйс, залежыць ад заяўкі, а не ад раскладу.

У раёне жыве 22 тысячы чалавек, больш за палову зь іх, 12.6 тысячы, у самім райцэнтры. Астатнім, гэта значыць жыхарам вёсак, прыйдзецца падладжваць паездкі пад званок напярэдадні.

Для старту выбралі тры прыгарадныя напрамкі з самым нізкім пасажырапатокам: №354 «Маларыта — Дабрасава», №367 «Маларыта — Перавысь празь Зяленіцу» і №342 «Маларыта — Атяты».

Паводле слоў дырэктара КТУП «Брэстгартранс» Аляксея Жагала, ключавы прынцып схемы — гнуткае рэагаваньне на рэальны попыт: калі заявак няма, транспарт ідзе па скарочаным асноўным маршруце. Улады ўпэўніваюць, што аўтобус прыедзе нават дзеля аднаго пасажыра.

У Маларыцкім райвыканкаме заявілі, што перад стартам правялі інфармацыйную працу: растлумачылі правілы старостам і сельсаветам, разьвесілі аб’явы на прыпынках і апублікавалі анонсы ў раённай газэце.

Паводле зьвестак чыноўнікаў, з 1 кастрычніка сумарны прабег аўтобусаў удалося скараціць больш чым на 200 кілямэтраў. Эканомія ідзе за кошт рэйсаў, якія не выконваюцца бяз заявак.

Начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі распавёў, што калі праект у Брэсцкай вобласьці прызнаюць пасьпяховым, з 2027 году «транспарт па патрабаваньні» могуць ўкараніць па ўсёй Беларусі. Чыноўнікі плянуюць маштабаваць сыстэму.

У сацсетках экспэрымэнт сустрэлі са скепсісам: людзі пытаюцца, як быць пажылым людзям з кепскай сувязьзю і што рабіць у экстранных сытуацыях. Адказу на пытаньне, як пакінуць заяўку тым, у каго няма тэлефона, пакуль няма, хоць менавіта ад гэтага залежыць, ці дойдзе схема да астатніх рэгіёнаў у 2027 годзе.
