# У Менску ашуканцы прымусілі 12-гадовую школьніцу правесьці дома «анлайн-ператрус» і перадаць кур’еру 600 рублёў

- URL: https://syn.by/hramadztva/miensku-ashukancy-12-hadovuju-shkolnicu/
- Published: 2026-11-09T13:30:18+00:00
- Updated: 2026-11-10T05:05:19+00:00
- Section: Грамадзтва
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/minske-moshenniki-12-letnyuyu-shkolnitsu-onlayn-obysk.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/minsk-scammers-12-year-old-schoolgirl.md

> Кур’ерам аказалася 14-гадовая гімназістка, якую ашукалі па такой жа схеме. Мама 12-гадовай дзяўчынкі зьвярнулася ў міліцыю, узбуджана крымінальная справа.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6768-1024x585.webp)

У Менску 12-гадовую школьніцу прымусілі правесьці дома «анлайн-ператрус» і аддаць кур’еру 600 рублёў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ГУУС Менгарвыканкаму. Спачатку дзяўчынка пазнаёмілася ў мэсэнджэры зь нібыта равесьнікам.

Празь нейкі час невядомы прыслаў ёй відэапаведамленьне з дронамі і заявіў: «Хутка дроны прылятуць у Менск». Потым сяміклясьніцы патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся дзяржслужачым, і запатрабаваў неадкладна спыніць зносіны.

Фальшывы сьледчы абвясьціў дзяўчынку падазраванай у справе аб садзейнічаньні тэрарызму. Ёй забаранілі каму-небудзь расказваць пра тое, што адбываецца, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.

Паводле слоў ашуканцаў, калі дзіця раскажа пра званкі, бацькам пагражае ад 20 гадоў турмы да сьмяротнага пакараньня, а яе саму адправяць у дзіцячую калёнію.

Паводле зьвестак міліцыі, з ашуканцамі школьніца была на сувязі 5 дзён, зь перапынкам на выходныя, якія праводзіла з бацькамі. Пасьля перапынку да схемы падключыліся нібыта прадстаўнікі падатковай: яны заявілі, што сямейныя зьберажэньні трэба задэкляраваць.

Каб пазьбегнуць сапраўднага ператрусу, дзяўчынку прымусілі правесьці «анлайн-ператрус» кватэры. Пад ціскам яна знайшла 600 рублёў, паклала іх у канвэрт, намалявала на ім кветку і перадала кур’еру.

Кур’ерам аказалася 14-гадовая вучаніца сталічнай гімназіі, якая таксама стала ахвярай падману па аналягічнай схеме.

У міліцыю, у Фрунзенскі РУУС, зьвярнулася мама 12-гадовай дзяўчынкі. Узбуджана крымінальная справа, міліцыя шукае іншых удзельнікаў схемы.
