# У беларускай грэка-каталіцкай царкве ў Антвэрпэне знайшлі каністру з бэнзінам і піратэхнікай

- URL: https://syn.by/hramadztva/u-bielaruskaj-hreka-katalickaj-carkvie-antverpenie-znajshli/
- Published: 2026-11-02T20:00:16+00:00
- Updated: 2026-11-02T20:00:16+00:00
- Section: Грамадзтва
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/v-belorusskoy-greko-katolicheskoy-tserkvi-v-antverpene.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/canister-petrol-pyrotechnics-found-belarusian-greek-catholic.md

> Паліцыя Антвэрпэну затрымала аднаго чалавека, яго датычнасьць правяраюць. Нядзельную літургію на беларускай мове ў храме скасавалі.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6032-1024x585.webp)

Каністру з бэнзінам і піратэхнічнымі вырабамі выявілі раніцай 1 лістапада каля царквы Сьвятога Сэрца Ісуса ў бэльгійскім Антвэрпэне. Паведамленьне пра знаходку паступіла ў паліцыю ў нядзелю каля 08:00 па мясцовым часе (10:00 па Менску). Каністра стаяла перад храмам на вуліцы Ланге Бэлдэкенсстрат, да яе была прымацаваная піратэхніка.

На месца прыбылі спэцыялісты па абясшкоджваньні выбуховых прыладаў (DOVO), крыміналісты і супрацоўнікі службы грамадзянскай абароны. Пра гэта, спасылаючыся на бэльгійскі тэлеканал [VRT](https://www.vrt.be/vrtnws/nl/2026/11/01/jerrycan-benzine-vuurwerk-kerk-lange-beeldekensstraat-antwerpen/), паведамілі беларускія выданьні. Вуліцу на некаторы час перакрылі.

Сілавікі паведамілі пра затрыманьне аднаго чалавека. Яго датычнасьць да здарэньня высьвятляецца. У затрыманага забралі аўтамабіль. Расьледаваньнем займаецца Фэдэральная пракуратура Бэльгіі.

У храме праходзяць набажэнствы Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Па нядзелях там служаць літургіі па-беларуску, але нядзельную службу давялося скасаваць: паводле сьвятара Івана Майсейчыка, праз праверку пасьля паведамленьня пра магчымую бомбу.

Сьвятар напісаў, што ў гэты дзень каля царквы адбыўся трывожны інцыдэнт. Ён падзякаваў Богу, што ўсё абышлося і ніхто не пацярпеў, а таксама паліцыі і спэцслужбам «за хуткае рэагаваньне і клопат пра бясьпеку людзей» (пераклад).
