# У Літве затрымалі дваіх мужчын пасьля прызямленьня паветранага шара з 3000 пачкаў цыгарэт зь Беларусі

- URL: https://syn.by/hramadztva/u-litvie-zatrymali-dvaich-muzhchyn/
- Published: 2026-11-03T16:00:04+00:00
- Updated: 2026-11-03T16:00:05+00:00
- Section: Грамадзтва
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/v-litve-zaderzhali-dvoikh-muzhchin.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/two-men-detained-lithuania.md

> Груз з улікам падаткаў ацанілі ў 16530 эўра. Шар апусьціўся ў полі менш чым за два кілямэтры ад беларускай мяжы.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6104-1024x585.webp)

У Вільнюскім раёне Літвы памежнікі выявілі паветраны шар з 3000 пачкамі беларускіх цыгарэт. Кошт грузу з улікам падаткаў складае 16530 эўра.

Шар прызямліўся ў полі каля вёскі Лаўкінінкай, менш чым за два кілямэтры ад мяжы зь Беларусьсю. Побач памежнікі знайшлі Volkswagen Passat, на якім, меркавана, па кантрабанду прыехалі двое мужчын — 37 і 20 гадоў. У машыне ляжалі прыбор начнога бачаньня, два нажы і разак. Абодва мужчыны затрыманыя.

Кантрабандныя шары з тэрыторыі Беларусі зьяўляліся ў літоўскім небе і раней. У чэрвені 2024 году ў пункце пропуску «Шальчынінкай» заўважылі вялізны паветраны шар з грузам, хутчэй за ўсё цыгарэтамі. У красавіку 2026 году зь беларускай тэрыторыі запусьцілі шары кантрабандыстаў, якія ўвайшлі ў паветраную прастору Літвы.
