# У Беларусі абнавілі стандарт лячэньня рака шчытападобнай залозы: дадалі таргэтную тэрапію

- URL: https://syn.by/hramadztva/zdarouje/bielarus-abnavic-standart-liachennia-raka/
- Published: 2026-11-24T09:40:15+00:00
- Updated: 2026-11-24T09:40:15+00:00
- Section: Здароўе
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/zdorovye/belarus-standart-lechenie-rak-shchitovidnaya-zhelezo.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/health/belarus-thyroid-cancer-treatment.md

> Перад любой апэрацыяй на шчытападобнай залозе цяпер абавязковы агляд лор-урача. Дзецям і падлеткам да 18 гадоў пры раку стандарт патрабуе поўнага выдаленьня залозы.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-9752-1024x585.webp)

У Беларусі дзейнічае новы стандарт дыягностыкі і лячэньня пухлінаў шчытападобнай залозы для дарослых і дзяцей. Ён замяніў правілы 2018 году. Стандарт замацаваны пастановай Мінздароўя ад 9 кастрычніка № 108, якая ўжо ўвайшла ў сілу.

У стандарт афіцыйна ўключаныя таргетная тэрапія (прэпараты мэтавага дзеяньня) і імунатэрапія. Як паведамляе адзін з мэдычных тэлеграм-каналаў, яны запавольваюць рост пухліны нават у складаных і агрэсіўных выпадках.

Прадугледжана больш генэтычных тэстаў для падбору тэрапіі: тканку пухліны [правераць на шэраг мутацыяў](https://t.me/komzdrav/6784), напрыклад BRAF і NTRK. Для некаторых катэгорыяў пацыентаў замацаваныя ін'екцыі рэкамбінантнага ТТГ: зь імі рыхтуюцца да радыёёдтэрапіі без адмены звыклых лекаў.

Удакладненыя крытэры ацэнкі вузлоў на УГД: прапісана, у вузлах якой велічыні трэба абавязкова рабіць пункцыю, а за якімі досыць назіраць. Перад любой апэрацыяй на шчытападобнай залозе цяпер абавязковы агляд лор-урача з праверкай галасавых зьвязак.

Пасьля радыёёдтэрапіі тэрміны плянаваньня сям'і вызначаныя дакладна: для жанчын праз 12 месяцаў, для мужчын праз 4 месяцы.

Пры раку ў пацыентаў да 18 гадоў стандарт патрабуе поўнага выдаленьня шчытападобнай залозы. Паводле зьвестак таго ж тэлеграм-канала, гэта трэба, каб максымальна зьнізіць рызыку рэцыдыву.

У дакумэнце ўпершыню зьявіўся асобны разьдзел для цяжарных. Камітэт аховы здароўя Менгарвыканкаму паведамляе: «Самы часты від рака шчытападобнай залозы (папілярны) – не нагода перарываць цяжарнасьць. Калі хвароба не прагрэсуе, апэрацыю спакойна адкладаюць на пэрыяд пасьля родаў».

Акрамя таго, паводле слоў Камітэту, у залежнасьці ад стану пацыента кансыліюм можа прызначыць лекі па-за звыклай інструкцыяй.
