# Літва не пусьціла зь Беларусі фуру з 7 тонамі лісічак: у грыбах знайшлі цэзій-137

- URL: https://syn.by/palityka/mizhnarodnyya-adnosiny/litva-nie-puscila-furu-z-lisichak/
- Published: 2026-11-04T16:00:09+00:00
- Updated: 2026-11-05T05:05:16+00:00
- Section: Міжнародныя адносіны
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/politika/mezhdunarodnye-otnosheniya/litva-ne-pustila-furu-s-lisichkami.md
- EN edition: https://syn.by/en/politics/international-relations/lithuania-turns-back-truck-belarus.md

> Груз разьвярнулі на мяжы ў пункце «Мядзінінкай». Паводле зьвестак літоўскай памежнай службы, доля цэзію-137 у ім склала 71%.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6222-1024x585.webp)

Літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну грузавік зь Беларусі з больш чым сямю тонамі сьвежых лісічак: у грузе выявілі радыёактыўны цэзій-137. Інцыдэнт здарыўся позна ўвечары 31 кастрычніка, у суботу, на пункце пропуску «Мядзінінкай» (зь беларускага боку — «Каменны Лог»).

Пра адмову ва ўезьдзе 3 лістапада паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы. Паводле слоў літоўскіх памежнікаў, у грыбах знайшлі цэзій-137.

Пры пад'езьдзе аўтамабіля да кантрольна-прапускнога пункту спрацавалі стацыянарныя вароты радыяцыйнага кантролю. Дадатковая праверка дазымэтрам выявіла радыенуклід цэзій-137, а партатыўны прыбор RIIDEye X пацьвердзіў яго наяўнасьць.

Паводле зьвестак літоўскай памежнай службы, доля цэзію-137 склала 71%. Магутнасьць дозы на паверхні дасягала 0.06 мкЗв/г пры натуральным фоне 0.02 мкЗв/г.

За рулём быў 36-гадовы грамадзянін Беларусі.

Грузавік DAF XF 460 FT зь літоўскімі нумарамі вёз 7128 кг сьвежых лісічак у эстонскім паўпрычэпе Schmitz. У кузаве было 2376 драўляных скрынь па 4 кг кожная.

Памежнікі зьвязаліся з Цэнтрам радыяцыйнай бясьпекі Літвы і атрымалі ўказаньне не прапускаць машыну. Фуру разам з грыбамі вярнулі ў Беларусь, паведаміла літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы. Затрымліваць машыну не сталі.
