Палітыка Міжнародныя адносіны

У Камышавасе завяршылі пошукі пасьля ўдару 2 лістапада: загінулі 72 чалавекі

Паводле Івана Выгоўскага, за час работ выратавальнікаў пасёлак абстралялі 11 разоў. У ноч на 17 лістапада ЗСУ атакавалі Крымскі мост.

У Камышавасе завяршылі пошукі пасьля ўдару 2 лістапада: загінулі 72 чалавекі

У Камышавасе Запарожскай вобласьці скончыліся пошукава-выратавальныя працы пасьля ўдару расейскіх войскаў па мясцовай школе, нанесенага 2 лістапада. Паводле зьвестак Івана Выгоўскага, колькасьць загінулых вырасла да 72 чалавек, чацьвёра лічацца зьніклымі бязь вестак.

Удар прыйшоўся на момант, калі людзі сабраліся атрымліваць гуманітарную дапамогу. Атака на Камышаваху стала самай сьмяротнай з сакавіка 2022 году.

Расейскія войскі скінулі на будынак дзевяць авіябомбаў: спачатку кіраваныя ФАБ-500, потым ФАБ-3000. Прамое трапленьне прывяло да абвалу бэтонных канструкцыяў падземнага цэнтру, дзе знаходзіліся людзі.

Увечары 2 лістапада было вядома пра 26 загінулых і пяцёх параненых, яшчэ 27 чалавек лічыліся зьніклымі. Да 3 лістапада колькасьць загінулых вырасла да 33, а ўкраінскія ўлады і Галоўнае ўпраўленьне разьведкі казалі пра амаль 50 зьніклых бязь вестак.

Да 11 лістапада было вядома пра 55 загінулых, пад заваламі маглі заставацца яшчэ 19 чалавек. Працы скончыліся 16 лістапада.

Паводле словаў Выгоўскага, за час пошукавых работ Расея абстраляла пасёлак 11 разоў. Былі паранены трое паліцыянтаў і чацьвёра выратавальнікаў.

У ноч на 17 лістапада ў раёне пераправы праз Керчанскі праліў прагрымела сэрыя магутных выбухаў. Генэральны штаб ЗСУ заявіў, што мост атрымаў сур'ёзныя разбурэньні: абваліліся аўтамабільны пралёт і арка, пашкоджана чыгуначная частка.

Крымскі губэрнатар Сяргей Аксёнаў, прызначаны расейскімі ўладамі, абвясьціў аб абмежаваньні руху транспарту прыблізна да сярэдзіны дня: «Вораг нанёс удар па Крымскім мосьце. У зьвязку з гэтым рух транспарту будзе абмежаваны прыблізна да сярэдзіны дня». Мінтранс Расеі паведаміў, што рух цягнікоў і аўтамабіляў спынены, пацярпелых, паводле папярэдняй інфармацыі, няма.

Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў 16 лістапада, што Крэмль не даваў згоды на ўдзел эўрапейскіх краінаў у перамовах пра мір ва Ўкраіне.

Каментары