Палітыка Міжнародныя адносіны

МЗС Беларусі чацьвёрты раз за паўгода даў інтэрвію Berliner Zeitung

МЗС Беларусі 12 лістапада апублікавала пераклад размовы намесьніка міністра Ігара Секрэты з газэтай. Усе чатыры інтэрвію з траўня падрыхтавала адна журналістка, Эва Пэлі.

МЗС Беларусі чацьвёрты раз за паўгода даў інтэрвію Berliner Zeitung
Па матывах фота

Міністэрства замежных справаў Беларусі 12 лістапада апублікавала пераклад інтэрвію намесьніка міністра Ігара Секрэты нямецкай газэце Berliner Zeitung. Гэта ўжо чацьвёртае інтэрвію кіраўніцтва беларускага вонкавапалітычнага ведамства гэтаму выданьню з траўня 2026 году.

Размова адбылася 4 лістапада на палях «Менскай міжнароднай канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы». Яна прысьвечана ў тым ліку дзейнасьці АБСЭ і вайне ва Ўкраіне. Усе чатыры інтэрвію падрыхтавала журналістка Эва Пэлі; 12 траўня ў Менску яе прымаў Секрэта.

Раней газэта ўжо двойчы публікавала інтэрвію Секрэты. У матэрыяле ад 9 траўня ён крытыкаваў падыход нямецкіх уладаў да сьвяткаваньня гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны, у тым ліку абмежаваньні на ўдзел беларускіх і расейскіх дыпляматаў у памятных мерапрыемствах. У матэрыяле ад 15 траўня намесьнік міністра разважаў пра НАТО, эўрапейскую бясьпеку і ўспрыманьне Беларусі ў Нямеччыне; паводле яго сьцьверджаньня, жыхары ўсходняй часткі Нямеччыны маюць «больш рэалістычнае ўяўленьне» пра краіну, чым заходнія немцы.

10 лістапада Berliner Zeitung апублікавала інтэрвію міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова, таксама ўзятае шасьцю днямі раней. У загаловак вынесена яго сьцьверджаньне, што вайна «хутка скончыцца».

Сустрэча Секрэты з Эвай Пэлі і Тыла Грэзэрам адбылася 12 траўня 2026 году; паводле зьвестак МЗС Беларусі, ён выказаў удзячнасьць журналістцы за падрыхтоўку інтэрвію пра захаваньне гістарычнай памяці.

Секрэта заявіў, што ў АБСЭ «больш няма адкрытай і сумленнай дыскусіі». Паводле яго слоў, прынцып адкрытага дыялёгу калісьці ляжаў у аснове НБСЭ, пераўтворанай пасьля падпісаньня Хельсінкскага заключнага акту ў АБСЭ. Сёньня, паводле яго ацэнкі, праца арганізацыі часта зводзіцца да абмену нацыянальнымі заявамі. Заходнія калегі, як ён сьцьвярджае, у прыватных размовах за кавай прызнаюць яго рацыю, але кажуць, што ім зададзена пэўная лінія.

Асабісты ўдзел генсакратара АБСЭ ў працы канфэрэнцыі Секрэта назваў новай зьявай, за якую беларускі бок удзячны.

Пра Украіну намесьнік міністра сказаў: «Калі ва Ўкраіне наступіць мір, мы возьмем удзел у аднаўленьні і нармалізацыі жыцьця ў гэтай краіне, бо Ўкраіна — наш найбліжэйшы рынак і гістарычна цесна зьвязаны з намі партнэр».

Секрэта заявіў, што Эўразіі патрэбны «стагадовы пакт аб міры і сяброўстве». Заявы некаторых нямецкіх палітыкаў пра тое, што разрыў Нямеччыны з Расеяй назаўсёды, ён назваў глыбокай памылкай. Паводле яго слоў, Кітай працягвае цеснае супрацоўніцтва зь Беларусьсю: растуць аб'ёмы грузаперавозак і паступаюць буйныя інвэстыцыі. Беларусь, як ён расказаў, падтрымала глябальныя кітайскія ініцыятывы, вывучае расейскія прапановы і ўважліва сочыць за ініцыятывамі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Ад Эўрасаюзу, паводле яго слоў, хацелася б пачуць разумныя ініцыятывы, але пакуль усе 27 краінаў не пагодзяцца, справа не зрушыцца. Прыезд прадстаўніка Эўракамісіі, кажа ён, патрабуе ўхвалы ўсіх краінаў-сябраў і папярэдніх умоваў для Менску: «Гэта абсурд!» Секрэта лічыць, што дыялёг патрэбны без папярэдніх умоваў, хоць бы каб прадухіліць найгоршыя сцэнары.

Эўропа, паводле яго ацэнкі, стрымана ставіцца да ідэі Эўразійскай хартыі разнастайнасьці і шматпалярнасьці, тады як у Азіі цікавасьць велізарная. Ён назваў хартыю пачаткам доўгага працэсу, але не гатовым дакумэнтам, і выказаў меркаваньне, што па меры набліжэньня ўрэгуляваньня ва Ўкраіне цікавасьць да такіх ініцыятываў вырасьце.

Секрэта таксама спаслаўся на навіны зь Літвы і Нямеччыны пра набор моладзі ў брыгаду бундэсвэру і страх насельніцтва пры паведамленьнях пра бесьпілётнікі. Паводле яго слоў, Беларусь робіць усё, каб прадухіліць эскаляцыю.

Berliner Zeitung — штодзённая газэта, заснаваная ў 1945 годзе ў занятым савецкімі войскамі сэктары Бэрліна; пазьней яна лічылася адной з галоўных газэтаў НДР. Пасьля набыцьця выданьня прадпрымальнікам Хольгерам Фрыдрыхам у 2019 годзе яго рэдакцыйная палітыка ня раз станавілася прадметам крытыкі нямецкіх СМІ. Der Spiegel і taz зазначалі, што газэта дае пляцоўку прыхільнікам Крамля і прадстаўнікам неадназначных плыняў і што ўладальнік уплывае на рэдакцыйную лінію.

У красавіку 2024 году амбасадар Украіны ў Нямеччыне Аляксей Макееў публічна абвінаваціў газэту ў прарасейскім ухіле. Кіраўніцтва Berliner Zeitung такія абвінавачаньні адхіляе і заяўляе пра прыхільнасьць свабодзе слова і незалежнай журналістыцы.

Эва Пэлі паходзіць з Вугоршчыны, грамадзянка Нямеччыны, вучылася ў Маскве і валодае расейскай мовай. У сваім блогу яна піша, што «зьяўляецца выкладчыцай замежных моваў з шматгадовым досьведам працы ў найстарэйшай моўнай школе Бэрліна ў сфэры адукацыі для дарослых, а таксама анлайн-рэдактаркай у працэсе навучаньня».

Ігар Секрэта — былы вайсковы афіцэр; у ліпені 2025 году ён прызначаны спэцыяльным прадстаўніком Беларусі па рэалізацыі дамовы з Расеяй пра гарантыі бясьпекі ў межах Саюзнай дзяржавы.

Каментары