Прэс-сакратар Крэмля Дзьмітры Пяскоў 13 лістапада адмовіўся камэнтаваць кандыдатуры прэзыдэнта Францыі Эмманюэля Макрона і кіраўніцы эўрапейскай дыпляматыі Каі Калас на ролю перамоўшчыка ад Эўропы па Ўкраіне. Ён заявіў: «Мы ня ведаем, што гэта за інфармацыя. Цяпер кожную гадзіну прыходзіць інфармацыя, дзе называюць зусім розныя кандыдатуры, таму пакуль у нас няма магчымасьці штосьці канкрэтна казаць».
Пяскоў дадаў, што калі ў эўрапейцаў ёсьць упаўнаважаны прадстаўнік і жаданьне, Расея гатова зь імі размаўляць. Паводле яго слоў, калі расейскі бок зразумее рэальныя намеры эўрапейцаў і іх гатоўнасьць спрыяць мірнаму працэсу, можна будзе вырашаць пытаньне пра дыялёг у пашыраным фармаце.
Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Аляксандар Грушко раней падкрэсьліў, што для Масквы не прынцыповая асоба эўрапейскага перамоўшчыка, а важна, зь якой перамоўнай пазыцыяй ён прыедзе.
Адзінага кандыдата ў Эўразьвязу няма. Паводле зьвестак Politico, краіны падзяліліся на тры лягеры: адны падтрымліваюць Антоніу Кошту, іншыя — Каю Калас, а Францыя і Нямеччына ня хочуць саступаць Бруселю права самастойна прадстаўляць Эўропу. Паводле зьвестак Bloomberg, эўрапейскія лідэры згодныя, што хочуць месца за сталом перамоваў Расеі і Ўкраіны, але ня могуць дамовіцца, хто будзе за ім сядзець.
Калас 12 лістапада дапусьціла, што можа прадстаўляць эўрапейцаў на перамовах. Кошта пакінуў пасаду прэм'ер-міністра Партугаліі ў лістападзе 2023 году. Брытанская газэта The Telegraph паведамляла пра яшчэ пяць кандыдатаў: Джорджу Мэлёні, Аляксандра Стуба, Петра Павела, Ёнаса Гара Стёрэ і Мэтэ Фрэдэрыксен.
Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Стыў Віткаф заявіў, што ЗША і Расея ўзгоднілі новы раўнд перамоваў па Ўкраіне, да якога далучацца эўрапейцы. ЗША і Ўкраіна ўжо заклікалі Эўропу выбраць свайго прадстаўніка.
Макрон разглядаўся як магчымы прадстаўнік Эўропы яшчэ ў красавіку 2025 году. У красавіку 2023 году Пяскоў казаў, што ў Крамлі не валодаюць інфармацыяй пра плян Макрона па мірных перамовах.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…