Расея завяршыла ратыфікацыю пратаколу пра ўнясеньне зьменаў у дагавор зь Беларусьсю пра агульныя прынцыпы падаткаабкладаньня па ўскосных падатках. Закон падпісаў прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін, ён апублікаваны на афіцыйным прававым партале Расеі. Сам дагавор датаваны 3 кастрычніка 2022 году, пратакол падпісаны ў Маскве 16 ліпеня 2026 году.
Дзяржаўная дума Расеі ратыфікавала пратакол 28 кастрычніка. Дзяржаўны сакратар — намесьнік міністра фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў патлумачыў, што пратакол падпісаны ў зьвязку зь зьменамі ў падатковым заканадаўстве бакоў. Палата прадстаўнікоў Беларусі прыняла закон аб ратыфікацыі 30 кастрычніка ў адным чытаньні.
Пратаколам актуалізуюцца дадаткі да дагавора: пералікі катэгорыяў падаткаплатнікаў, вызваленых ад ПДВ, а таксама пералікі апэрацыяў, вызваленых ад ПДВ, абкладзеных па паніжанай і па нулявой стаўцы. Акрамя таго, дакумэнт дапаўняе дагавор зьвесткамі пра мінімальныя стаўкі акцызаў.
У пералік апэрацыяў, вызваленых ад ПДВ, дадаюцца майнінг і рэалізацыя лічбавай валюты, паслугі хуткай мэдычнай дапамогі, будаўніцтва жылых дамоў паводле дагавораў падраду з выкарыстаньнем рахункаў эскро і шэраг іншых. Зьмены тычацца льготаў і прэфэрэнцыяў па ПДВ і акцызах.
Асноўны дагавор Расея ратыфікавала ў сьнежні 2022 году: Пуцін падпісаў закон 29 сьнежня. Беларусь завяршыла ратыфікацыю ў студзені 2023 году, калі закон падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…