Дзяржава Заканадаўства

Ліміт падатку на падарункі ў Беларусі ў 2027 годзе вырасьце з 259 да 500 рублёў

Праект Падатковага кодэксу на 2027 год вызваляе ад падатку сувэніры і прызы з кірмашоў, фэстываляў і спартовых спаборніцтваў. Для астатніх падарункаў у натуральнай форме парог павышаецца амаль удвая.

Ліміт падатку на падарункі ў Беларусі ў 2027 годзе вырасьце з 259 да 500 рублёў

У 2027 годзе ў Беларусі павялічацца ліміты на падарункі ад арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле праекту Падатковага кодэксу на 2027 год, падаходны падатак перастануць браць з памятных рэчаў, атрыманых на кірмашах, фэстывалях, спартовых спаборніцтвах або карпаратыўных імпрэзах.

Праект прапануе скарэктаваць парадак спаганяньня падаходнага падатку з сувэнірнай і памятнай прадукцыі, а таксама з прызоў і падарункаў у натуральнай форме.

Цяпер дзейнічае агульнае абмежаваньне ў 259 рублёў ад кожнай крыніцы за год. Замест яго ўводзіцца правіла: падарункі і сувэніры не абкладаюцца падаходным падаткам, калі іх кошт не перавышае 500 рублёў.

Асобны сьпіс вызваленых ад падатку сувэніраў уключае атрыманыя на конкурсах, дзелавых і спартовых мерапрыемствах, фэстывалях, дзяржаўных сьвятах і памятных датах. Туды ж уваходзяць падарункі ў межах дзейнасьці НАК і Прэзыдэнцкага спартовага клюбу.

Калі падарунак у натуральнай форме ў гэты сьпіс не трапляе, падатак зь яго не возьмуць пры кошце ў межах 500 рублёў.

Дзяржаўным органам праект таксама дазваляе не плаціць падатак з выдаткаў на працоўныя сустрэчы адзін з адным і на прыём гасьцей зь іншых краінаў.

Распрацоўшчыкі прапануюць увесьці больш гібкі, дыфэрэнцыраваны мэханізм.

Новыя правілы падатковага абкладаньня сувэнірнай прадукцыі, якую атрымліваюць грамадзяне на мерапрыемствах, набылі моц ужо са студзеня 2026 году.

Каментары