Дзяржава Суды

У Беларусі затрымалі 10 прадстаўнікоў Bayer па справе аб нявыплаце падаткаў на 50 млн рублёў

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, сямёра з затрыманых грамадзянаў Беларусі і Расеі ўжо знаходзяцца пад вартай. Маёмасьць кампаніі і падазраваных арыштаваная на суму не менш за 8 млн рублёў.

У Беларусі затрымалі 10 прадстаўнікоў Bayer па справе аб нявыплаце падаткаў на 50 млн рублёў

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да прадстаўнікоў нямецкага канцэрну Bayer і пра затрыманьне дзесяці чалавек. Афіцыйная прычына — ухіленьне ад выплаты падаткаў: паводле вэрсіі сьледзтва, сума перавышае 50 млн рублёў.

Справу вядзе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК сумесна з Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Яны заявілі, што спынілі проціпраўную дзейнасьць прадстаўнікоў кампаніі.

Сярод затрыманых, паводле зьвестак СК, грамадзяне Беларусі і Расеі. Сямёра зь дзесяці зьмешчаныя пад варту.

Паводле вэрсіі сьледзтва, кіраўнікі замежных кампаній Bayer і АТ «БАЙЕР» пры саўдзеле іншых асобаў са студзеня 2020 году па сакавік 2026 году вялі прадпрымальніцкую дзейнасьць бяз рэгістрацыі пастаяннага прадстаўніцтва. Гаворка, паводле зьвестак сьледзтва, ідзе пра продаж сродкаў абароны расьлінаў і фармацэўтычнай прадукцыі.

Сілавікі арыштавалі нерухомасьць і транспарт кампаніі, яе рахункі і рахункі замежных прадстаўніцтваў, а таксама маёмасьць падазраваных. Агульны кошт арыштаванага, паводле паведамленьняў, складае не менш за 8 млн рублёў.

Аблава ў Менску пачалася ў той самы дзень, калі ў Нямеччыне затрымалі двух беларускіх агентаў-дывэрсантаў. Паводле паведамленьняў, яны рыхтавалі тэрарыстычныя акты ў раёне Нюрнбэргу, а да гэтага ўзрывалі абаронны завод у Румыніі.

У сакавіку 2022 году Bayer паведаміла, што абмяжоўвае прысутнасьць у Беларусі і Расеі: спыняе выдаткі на маркетынг і інвэстыцыйныя праекты.

Каментары