Грамадзтва

З 27 лістапада з Гомеля, Менску і Горадні пойдуць новыя аўтобусы ў Варшаву і Беласток

Рэйс Гомель — Менск — Варшава разьлічаны на 15 гадзінаў у дарозе, а Горадня — Беласток будзе хадзіць штодня. Абодва маршруты ідуць праз пункт пропуску «Бераставіца».

З 27 лістапада з Гомеля, Менску і Горадні пойдуць новыя аўтобусы ў Варшаву і Беласток
Фота: vgr.by

З 27 лістапада перавозчык «Атласбас» запускае аўтобусы ў Польшчу адразу з трох беларускіх гарадоў: Гомеля, Менска і Горадні. Першы маршрут — Гомель — Менск — Варшава, другі — Горадня — Беласток.

Сэрвіс «Атласбас» сьцьвярджае, што перавозчыкі загадзя рыхтуюцца да навагодняга сэзону. У кампаніі падкрэсьліваюць: «Важны нюанс – пункт пропуску, празь які ідуць аўтобусы». Пасажыры пераедуць мяжу праз «Бераставіцу», якую, як сьцьвярджае «Атласбас», лічаць больш хуткай, чым «Берасьце».

Аўтобус адправіцца з Гомеля ў 09:10, зь Менска — у 14:30, назад з Варшавы — у 14:10. Па дарозе ён заяжджае ў Жлобін, Бабруйск, Баранавічы і Беласток.

Квіток па поўным маршруце каштуе 150 рублёў, для дзяцей і студэнтаў ёсьць зьніжкі. Продаж на сайце і ў дадатку адкрыты за 60 дзён да адпраўленьня.

Паводле раскладу ў дарозе 15 гадзінаў. Перавозчык агаворвае, што гэта разьліковая велічыня, якая можа зьмяніцца праз праходжаньне кантролю на мяжы.

Другі маршрут стане рэгулярным: аўтобус будзе хадзіць кожны дзень. З Горадні ён выяжджае ў 07:10, зь Беластока — у 12:00. Квіток каштуе 100 рублёў.

Канкурэнцыя на кірунку высокая: цяпер паміж Горадняй і Беластокам штодня курсуюць 20 аўтобусаў і маршрутак.

Пункт пропуску завецца «Бераставіца» зь беларускага боку і «Баброўнікі» — з польскага. Пасажырскія аўтобусы пайшлі празь яго з 17 лістапада 2025 году.

Адкрыцьцё пункту дазволіла сур'ёзна скараціць шлях з Горадні ў Варшаву і Беласток. З 11 чэрвеня на маршруце «Горадня — Беласток — Варшава» працуе беларускі перавозчык ТАА «Мабіко» разам з польскім партнэрам: выезд з Горадні ў 9.10, квіток да Варшавы каштуе 130 рублёў, да Беластока — 100.

Каментары