Грамадзтва Спорт

Эстонія закрыла ўезд спартсмэнам зь Беларусі і Расеі на спаборніцтвы

Забарона датычыць і спартсмэнаў з нэўтральным статусам. У Эстоніі зімой заплянаваныя чэмпіянаты сьвету па паўночных лыжных дысцыплінах сярод моладзі і па біятлёне.

Эстонія закрыла ўезд спартсмэнам зь Беларусі і Расеі на спаборніцтвы

Эстонія не дапусьціць спартсмэнаў зь Беларусі і Расеі да спаборніцтваў на сваёй тэрыторыі. Пра гэта Міністэрства культуры краіны, якое адказвае, у тым ліку, і за спорт, паведаміла Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту і сноўборду (FIS) у афіцыйным лісьце.

Паводле ведамства, абмежаваньні застануцца да канца ўкраінскага канфлікту. Забарона датычыць і спартсмэнаў з нэўтральным статусам.

У наступным зімовым сэзоне этап Кубка сьвету па лыжных гонках у Эстоніі не праводзіцца. Але 18–24 студзеня ў Атэпяэ адбудуцца чэмпіянаты сьвету сярод юніёраў і спартсмэнаў да 23 гадоў па паўночных дысцыплінах, а ў лютым у Тэхвандзе — чэмпіянаты сьвету па біятлёне. Беларускія спартсмэны на гэтыя турніры прыехаць ня здолеюць.

У лісьце міністэрства адзначыла: урад Эстоніі прытрымліваецца пазыцыі, што спаборніцтвы з удзелам спартсмэнаў з Расеі і Беларусі ня могуць праводзіцца ў краіне. Ведамства патлумачыла, што Эстонія знаходзіцца на пярэдняй лініі ў дапамозе Украіне, а допуск такіх спартсмэнаў супярэчыў бы гэтай пазыцыі і даў бы Расеі і Беларусі магчымасьць выкарыстоўваць міжнароднае асьвятленьне ў СМІ ў прапагандысцкіх мэтах.

У міністэрстве таксама заявілі, што ўрад, Мінкультуры і Алімпійскі камітэт краіны прытрымліваюцца гэтай пазыцыі з пачатку расейскага ўварваньня.

Рашэньне зьвязанае з тым, што ў пачатку верасьня FIS зьмякчыла абмежаваньні для спартсмэнаў з Расеі і Беларусі: адмяніла патрабаваньні да грунтоўнай праверкі анкетных зьвестак і абмежаваньні для спартсмэнаў, зьвязаных з органамі ўлады. Расейцам дазволілі выступаць на турнірах пад эгідай FIS у нэўтральным статусе.

Эстонія — ня першая краіна з такім крокам: паводле паведамленьняў, раней падобныя абмежаваньні абвясьцілі Фінляндыя і Нарвэгія. Сама Эстонія закрывала ўезд і раней. 10 сакавіка 2022 году ўрад прыпыніў выдачу турыстычных візаў грамадзянам Расеі і Беларусі, а з 18 жніўня 2022 году забараніў уезд расейцам, у тым ліку тым, хто атрымаў візу для ўдзелу ў спартовых або культурных мерапрыемствах. У ліпені 2022 году эстонскія ўлады забаранілі тэнісістам з Расеі і Беларусі выступаць на турнірах у краіне.

Міністэрства культуры закліка́ла ўсіх арганізатараў мерапрыемстваў прадэманстраваць поўную падтрымку Украіне і асудзіць агрэсіўную вайну Расеі. У лютым 2026 году тэлеканалы ERR вырашылі не трансьляваць спаборніцтвы Паралімпіяды з удзелам спартсмэнаў Расеі і Беларусі.

Каментары