Нарвэгія з 16 лістапада абмежавала ўезд у краіну для прафэсійных спартсмэнаў зь Беларусі і Расеі. Рашэньне ўвайшло ў сілу неадкладна. У панядзелак Міністэрства юстыцыі і грамадзкай бясьпекі даручыла Упраўленьню па справах замежнікаў (UDI) і Упраўленьню паліцыі (POD) высылаць такіх спартсмэнаў.
У заяве міністэрства сказана: «Урад ня мае намеру ствараць умовы для таго, каб расейскія і беларускія прафэсійныя спартсмэны маглі прыяжджаць у Нарвэгію для ўдзелу ў спаборніцтвах».
Указаньне тычыцца спартсмэнаў, якія выступаюць пад расейскім, беларускім або нэйтральным сьцягам, а таксама суправаджальнага пэрсаналу.
Грамадзянаў Беларусі і Расеі зь дзейсным відам на жыхарства ў краіне Шэнгенскай зоны новыя правілы не закранаюць: падставаў для адмовы ім у ўезьдзе і пражываньні ў іх няма. Візавыя заявы, якія ўжо разглядаюць іміграцыйныя ўлады, будуць разглядацца паводле новых інструкцыяў.
Калі спартсмэны з двух краінаў паспрабуюць трапіць у Нарвэгію, іх і тых, хто іх суправаджае, чакае дэпартацыя. Візы для паездак на спаборніцтвы ўрад загадаў не выдаваць.
Забарона зьвязаная з агрэсіяй супраць Украіны, якая працягваецца, — так матывуецца рашэньне. Міністарка юстыцыі Нарвэгіі Астры Ос-Хансэн заявіла: «Нарвэгія ўжо ўжывае абмежавальную візавую практыку ў дачыненьні да грамадзянаў Расеі і Беларусі, але цяпер мы дадаткова ўзмацняем патрабаваньні да таго, каму дазволены ўезд у краіну».
У верасьні 2026 году пасол Расеі ў Нарвэгіі Мікалай Корчунаў заявіў, што Масква прапрацоўвае адказ на нядаўна пашыраныя Нарвэгіяй санкцыі.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…