У Чыкага з 12 па 15 лістапада праходзіць штогадовая канфэрэнцыя Асацыяцыі славянскіх, усходнеэўрапейскіх і эўразійскіх дасьледаваньняў (ASEEES), і ў яе рамках заплянаваны «Беларускі стрым» — сэрыя навуковых і культурных мерапрыемстваў пра Беларусь. У гатэлі Palmer House Hilton праходзяць восем сэсіяў: пра беларускае кнігавыданьне ў выгнаньні, кіно, мову, пратэст і новыя кнігі пра Беларусь.
Агульная тэма 58-й канфэрэнцыі сёлета — «Дзяржавы і імпэрыі».
У пятніцу, 13 лістапада, а 15:30 у зале Wabash пачнецца «Беларуская ноч кароткага мэтра» — 90-хвілінны паказ лепшых беларускіх кароткамэтражных фільмаў 2021–2025 гадоў. Ён разьлічаны на зарэгістраваных удзельнікаў канфэрэнцыі. Праграма складзеная са стужак, адзначаных беларускай прэміяй кінакрытыкаў «Чырвоны верасень», якая цяпер працуе ў выгнаньні.
У той жа дзень а 18:00 у зале Salon 5 перазапусьцяць NAABS і прадставяць BELIMA — Беларускі незалежны мэдыяархіў. Прэзэнтацыю правядзе Тацьцяна Заміроўская.
У суботу, 14 лістапада, а 20:00 у зале Salon 6 пройдуць сустрэча «Беларускія кнігі ў выгнаньні» і паэтычны вечар.
Уваход на мерапрыемствы вольны, рэгістрацыя на саму канфэрэнцыю не патрэбная. Частка панэляў ужо прайшла ў віртуальным фармаце 16–17 кастрычніка. У лістападзе 2024 году на канфэрэнцыі ASEEES у Бостане беларускай культуры і мастацтву было прысьвечана шэсьць сэкцыяў.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…