Палітыка Міжнародныя адносіны

Інданэзія пачала перагляд 20-працэнтнай пошліны на беларускі пракат

Расьсьледаваньне ахоплівае пастаўкі зь ліпеня 2025 году па чэрвень 2026 году і можа заняць да 12 месяцаў. Інданэзія ўвяла пошліны на гэту прадукцыю зь Беларусі, Казахстана і Расеі ў 2024 годзе.

Інданэзія пачала перагляд 20-працэнтнай пошліны на беларускі пракат
Па матывах фота

Інданэзійскі антыдэмпінгавы камітэт (KADI) 12 лістапада пачаў перагляд дзеючых пошлінаў на імпарт гарачага пракату ў рулонах зь Беларусі і Казахстана. Для пастаўшчыкоў з абедзьвюх краінаў цяпер дзейнічае стаўка 20%. Пра пачатак расьсьледаваньня паведаміла Міністэрства гандлю Інданэзіі.

Перагляд ініцыяваў сам камітэт. Ён ахоплівае пастаўкі зь ліпеня 2025 году па чэрвень 2026 году, на расьсьледаваньне адведзена да 12 месяцаў.

Расьсьледаваньне ахоплівае 18 тарыфных пазыцыяў. Камітэт паведаміў пра пачатак працэдуры інданэзійскіх вытворцаў і імпартэраў, а таксама прадстаўнікоў Беларусі і Казахстана.

Паводле зьвестак камітэта, у гандлі беларускім і казахстанскім гарачым пракатам адбыліся зьмены, якія прывялі да зрухаў у дэмпінгавай маржы. Паводле слоў старшыні камітэта Фрыды Адыяці, «праверка папярэдніх зьвестак паказала, што ўмовы пастаўкі гарачага пракату зь дзьвюх краінаў зьмяніліся». Гэта, па яе словах, можа паўплываць на велічыню дэмпінгавай маржы.

Антыдэмпінгавыя пошліны на гэту прадукцыю дзейнічаюць з 15 студзеня 2025 году. На сталь зь Беларусі, Казахстана і Расеі цяпер распаўсюджваюцца пошліны ад 5.58% да 20%.

У дзеючай пастанове інданэзійскага Мінфіну тры краіны ўключаныя ў адну групу. Для трох расейскіх вытворцаў пазначаныя індывідуальныя стаўкі, для астатніх пастаўшчыкоў групы, уключна зь беларускімі, устаноўленая стаўка 20%.

У красавіку 2026 году Казахстан запатрабаваў кансультацыяў зь Інданэзіяй у рамках Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Ён заявіў, што дадатковыя пошліны на казахстанскі гарачы пракат могуць ісьці насуперак правілам СГА. Расея папрасіла далучыцца да кансультацыяў.

Каментары