Палітыка Міжнародныя адносіны

Збожжа зь Беларусі праз Клайпэду будуць трымаць да вынікаў аналізаў

Аналізы асобных партый могуць займаць два месяцы і болей, выдаткі лягуць на экспарцёраў. Калі паходжаньне акажацца заяўленым няправільна, груз вернуць або зьнішчаць.

Збожжа зь Беларусі праз Клайпэду будуць трымаць да вынікаў аналізаў

Літва з 16 лістапада будзе правяраць усе партыі пшаніцы, ячменю, кукурузы і насеньня сланечніка з Расеі і Беларусі, якія ідуць праз порт Клайпэды. Пра гэта паведамляе Reuters. Грузы будуць затрымліваць да атрыманьня вынікаў лябараторных тэстаў, якія павінны пацьвердзіць, што прадукцыя не вырашчана на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Праверкі збожжа з двух краін літоўскія ўлады пачалі ў верасьні: яны падазраюць, што частка паставак можа паходзіць з украінскіх тэрыторый, якія знаходзяцца пад кантролем Масквы.

Паводле слоў прадстаўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы, аналізы асобных партый могуць займаць два месяцы і болей. Працэдура, паводле яго зьвестак, можа затрымаць экспарт на некалькі месяцаў. Для беларускіх экспарцёраў гэта значыць, што груз будзе стаяць у порце, пакуль не прыйдуць вынікі.

Прычына ў тым, што ў Літве няма лябараторыі, здольнай правесьці патрэбныя дасьледаваньні, таму ўзоры адпраўляюць на аналіз за мяжу.

Усе выдаткі на захоўваньне, тэставаньне, вяртаньне або зьнішчэньне прадукцыі ўскладуць на экспарцёраў.

Калі дасьледаваньні пакажуць, што фактычная краіна паходжаньня не супадае з заяўленай, партыю вернуць адпраўніку або зьнішчаць.

Каментары