Палітыка Міжнародныя адносіны

У Малдове адмянілі канцэрт гітарыста Валерыя Дзідзюлі ў Кішынёве 26 лістапада

МЗС Украіны заявіла, што адмены дамаглася амбасада ў Кішынёве. Арганізатар Максім Міловаў тлумачыць яе слабымі продажамі квіткоў.

У Малдове адмянілі канцэрт гітарыста Валерыя Дзідзюлі ў Кішынёве 26 лістапада

У Малдове адмянілі канцэрт беларускага гітарыста Валерыя Дзідзюлі, які мусіў адбыцца 26 лістапада ў Нацыянальным палацы ў Кішынёве — галоўнай канцэртнай і фэстывальнай пляцоўцы краіны. МЗС Украіны заявіла, што адмены дамаглася ўкраінская амбасада ў Кішынёве.

Міністэрства культуры Малдовы, як паведамляецца, заявіла, што ўкраінская амбасада неаднаразова пераконвала малдаўскі бок не праводзіць канцэрт.

На сайтах продажу квіткоў зьявілася паведамленьне пра адмену, прычыну там не патлумачылі. Паводле зьвестак мясцовага выданьня ZIUA, афіцыйныя прычыны не называюцца. Квіткі каштавалі ад 450 да 1200 леяў, гэта каля 75–198 беларускіх рублёў.

Арганізатар Максім Міловаў заявіў, што канцэрт адмянілі празь нізкія продажы квіткоў. Спачатку пра адмену паведамілі са спасылкай на акалічнасьці, якія не залежаць ад арганізатараў.

МЗС Украіны вітала рашэньне пра адмену. Ведамства лічыць Дзідзюлю расейскім артыстам і заявіла, што Расея выкарыстоўвае культуру для прасоўваньня свайго ўплыву. Адмену ў МЗС назвалі праявай салідарнасьці партнэраў з Малдовы.

Дзідзюля, вядомы пад сцэнічным імем DiDuLa, нарадзіўся ў Горадні, але з 1998 году жыве і працуе ў Расеі, дзе пабудаваў значную частку кар'еры. Ён ня раз выступаў у анэксаваным Крыме, а ў 2017 годзе трапіў у базу «Міратворац». У 2023 годзе Украіна ўвяла супраць музыканта санкцыі за падтрымку дзеяньняў Расеі і парушэньне дзяржаўнай мяжы.

Сам музыкант адмену канцэрту не камэнтаваў.

Каментары