Нямецкая газэта Bild 13 лістапада паведаміла пра «жорсткія патрабаваньні» Расеі да Эўропы ў рамках урэгуляваньня ва Ўкраіне. У адным з расейскіх праектаў «новага эўрапейскага парадку бясьпекі» фігуруюць выхад Фінляндыі з НАТО і забарона вайсковых базаў альянсу ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
Для Беларусі ў гэтым праекце ёсьць асобны пункт: паводле Bild, у абмен Расея гатовая вывесьці ядзерную зброю зь беларускай тэрыторыі, адмовіцца ад разьмяшчэньня там ракетаў сярэдняй далёкасьці і вывесьці войскі з Прыднястроўя.
Bild падкрэсьлівае, што гэта толькі адна з прапановаў, якія абмяркоўваюць у неафіцыйных перамоўных колах. Паралельна дзейнічаюць некалькі канкуруючых групаў пасярэднікаў, а ці падтрымаў Уладзімір Пуцін менавіта гэты плян, невядома.
Па Ўкраіне, як піша Bild, Расея захоўвае за сабой занятыя тэрыторыі і атрымлівае ўвесь Данбас, уключна з часткамі Данецкай і Луганскай абласьцей, якія кантралюе Кіеў. Украіна мусіць замацаваць пазаблёкавы статус і адмовіцца ад сяброўства ў НАТО, але ўступленьне ў Эўразьвяз не выключаецца. Парты Адэсы і Мікалаева прапануецца дэмілітарызаваць і не выкарыстоўваць як ваенна-марскія базы; асобна агаворваецца свабода суднаходзтва ў Чорным і Балтыйскім морах.
Па НАТО, паводле зьвестак газэты, альянс адмаўляецца ад базаў у Эстоніі, Латвіі і Літве, а Фінляндыя выходзіць з блёку і вяртаецца да статусу, які мела да ўступленьня. Малдова, згодна з праектам, становіцца фэдэратыўнай рэспублікай, у якую ўваходзяць уласна Малдова, аўтаномная Гагаўзія і непрызнанае Прыднястроўе. Двум апошнім рэгіёнам даюць права на рэфэрэндумы пра незалежнасьць, калі краіна ўступіць у Эўразьвяз.
Пяскоў, камэнтуючы публікацыю, сказаў: «Мне невядома. Пра гэта гаворка не ішла». Пазьней ён удакладніў, што патрабаваньні не выстаўляліся: «Не, не выстаўлялася. Пра гэта, вядома, гаворка дакладна не ішла».
Міністар абароны Фінляндыі Антці Хякканен назваў публікацыю Bild абуральнай. Паводле яго слоў, патрабаваньні Расеі аб адкаце прысутнасьці НАТО на ўсходнім флянгу не падлягаюць абмеркаваньню і правяраюць рашучасьць ЗША і Эўропы.
Сустрэча дэлегацыяў Расеі, ЗША і Украіны прайшла 10–11 лістапада ў Абу-Дабі ў закрытым фармаце, прадстаўнікоў Эўропы за сталом не было. 12 лістапада спэцпасланьнікі прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер сустрэліся ў Крамлі з Пуціным.
Паводле слоў памочніка прэзыдэнта Расеі Юрыя Ушакова, эўрапейскія дзяржавы імкнуцца далучыцца да перамоваў, але спачатку мусяць вызначыцца, ці выступаюць яны за мір, ці за працяг канфлікту.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…