У Беларусі па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі пачалася раптоўная праверка боегатоўнасьці манэўраных групаў тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы. Пра гэта паведаміў Дзяржпамежкамітэт са спасылкай на дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Аляксандра Вольфовіча. Вайскоўцаў паднялі па трывозе.
Дзяржпамежкамітэт у сваім паведамленьні напісаў: «Асаблівую ўвагу нададуць манэўраным групам тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы».
Падразьдзяленьні прыведзеныя ў найвышэйшую ступень гатоўнасьці, атрымалі зброю і неабходную маёмасьць і выправіліся ў прызначаныя раёны. Ім трэба будзе зрабіць маршы і адпрацаваць адбіцьцё атакаў умоўнага праціўніка.
Праверка закранула Гомельскую пагранічную групу, якая ахоўвае мяжу з Украінай. У вучэньнях удзельнічаюць таксама падразьдзяленьні Берасьцейскай і Лідскай пагранічных групаў.
Вальфовіч заявіў, што праверка пачатая ў адпаведнасьці з задумай, зацьверджанай кіраўніком дзяржавы на 2026 год. У беларускім Савеце бясьпекі таксама паведамілі, што яна праводзіцца па пляне на 2026 год. Паводле зьвестак Дзяржпамежкамітэту, у ліку асноўных задачаў — удасканаленьне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы і павышэньне ўзроўню ўзаемадзеяньня зьвяна апэратыўнага кіраваньня.
Аляксандар Вальфовіч прызначаны дзяржаўным сакратаром Савета бясьпекі ў студзені 2021 году.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…