З 1 сьнежня 2026 году ў Беларусі ўступаюць у сілу скарэктаваныя будаўнічыя нормы для плянаваньня і забудовы населеных пунктаў. Пра гэта паведамілі ў РУП «Будтэхнорм».
Зьмена № 4 да будаўнічых нормаў СН 3.01.03-2020 зацьверджаная пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 25 жніўня 2026 году № 70.
Паводле дадзеных «Будтэхнорму», для новага будаўніцтва дом мусіць знаходзіцца не бліжэй за 3 мэтры ад мяжы суседняга ўчастка. Гараж, сьвіран, лазьня і іншыя гаспадарчыя пабудовы — не бліжэй за 2 мэтры.
Раней адступ можна было зьменшыць, калі сусед даваў пісьмовую згоду, завераную натарыюсам. Цяпер, як паведамілі ў РУП, гэтая магчымасьць цалкам выключаная.
Адлегласьць улічваецца строга ад цокалю або вонкавых сьценаў будынка да мяжы ўчастка. У «Будтэхнорме» заявілі: «Гэта прыбірае спрэчкі пра тое, ад чаго менавіта адмяраць — ад навесу, даху, выступаючага падмурка або ад сьцяны».
Нормы тычацца не толькі прыватных участкаў. Кантэйнэрныя пляцоўкі для сьмецьця нельга будзе разьмяшчаць бліжэй за 20 мэтраў ад вокнаў жылых дамоў, дзіцячых пляцовак, школ, дзіцячых садкоў, аб’ектаў аховы здароўя, гандлю і грамадзкага харчаваньня.
Уводзяцца патрабаваньні да пляцовак з зарадным станцыямі для электрамабіляў у новых жылых кварталах і побач з грамадзкімі будынкамі. Не менш за 10 % паркавальных месцаў у новых кварталах мусяць быць абсталяваныя такімі станцыямі, у тым ліку «павольнымі» проста пры доме.
Забаронена пракладваць аўтамабільныя праезды празь пешаходныя сьцежкі, што вядуць да дзіцячых і спартовых пляцовак. Шлях да пясочніц, арэляў і вулічных трэнажораў мусіць быць цалкам ізаляваны ад транзыту транспарту.
Ужо існуючыя дамы і пабудовы, што стаяць бліжэй за тры і два мэтры адпаведна, зносіць ня трэба. Іх можна рамантаваць і рэканструяваць, але нельга павялічваць габарыты і плошчу ў бок суседняга ўчастка.
Захоўваюцца і ранейшыя патрабаваньні да лесу: ад межаў забудовы да хвойных і зьмяшаных масіваў павінна быць не менш за 50 мэтраў, да лісьцевага лесу — не менш за 20 мэтраў.
У жніўні 2026 году генэральны дырэктар РУП «Будтэхнорм» Тацяна Мікалаева на прэс-канфэрэнцыі паведаміла, што ў краіне завяршаецца маштабная аптымізацыя нарматыўнага поля ў будаўніцтве. У верасьні на выставах BUDEXPO і «Наш дом» яна прэзэнтавала лічбавую інфармацыйную плятформу «Будпрафі».
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…