З 1 студзеня 2027 году ў будаўніцтве Беларусі ўступаюць у сілу зьмены: мясцовыя ўлады змогуць дазваляць забудоўшчыкам узводзіць модульныя хуткаўзводзімыя аб'екты без распрацоўкі праектнай дакумэнтацыі.
Прыватнаму бізнэсу дазволяць не проста будаваць асобныя дамы на выдзеленых участках, а праектаваць цэлыя кварталы з нуля. Інвэстар зможа прыйсьці ў выканкам са сваёй канцэпцыяй, прапанаваць праект разьвіцьця тэрыторыі і сам жа яго пабудаваць.
Зьмены прадугледжаныя ўказам №392, які кіраўнік дзяржавы падпісаў 29 кастрычніка 2026 году. Ён карэктуе ўказ ад 2 ліпеня 2025 году №266 «Аб прадастаўленьні паўнамоцтваў у сфэры будаўніцтва». Навацыі ўступяць у сілу 1 студзеня 2027 году.
Дакумэнтам пашыраюцца паўнамоцтвы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама пры ўсталяваньні асаблівасьцяў праектаваньня і будаўніцтва аб'ектаў, што маюць першачарговае значэньне для сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Так апісваюць указ і прэс-служба Мінбудархітэктуры. Што іменна адносіцца да такіх аб'ектаў, зь гэтых апісаньняў не вынікае, а значыць, вырашаць гэта будуць мясцовыя ўлады.
Яшчэ раней, з 1 сьнежня, уступаюць у сілу новыя будаўнічыя нормы пра разьмяшчэньне аб'ектаў на сумежных зямельных участках. Паводле ацэнкі экспэртаў, яны павінны зрабіць правілы забудовы больш адназначнымі, паменшыць колькасьць спрэчак паміж суседзямі і павысіць бясьпеку жылога асяродзьдзя. Аўтаматычнай патрэбы зносу ці пераносу аб'ектаў, узьведзеных да ўступленьня зьменаў у сілу, не прадугледжана.
Дзяржаўныя СМІ апісваюць гэта як кардынальную зьмену падыходаў да разьвіцьця і плянаваньня гарадскіх тэрыторый за кошт прыватных інвэстыцый. Незалежныя выданьні пішуць, што краіна зьбіраецца разьвіваць горадабудаўніцтва, робячы стаўку на прыватны капітал, а зьмены пашыраць паўнамоцтвы мясцовых уладаў і спросьцяць рэалізацыю шэрагу праектаў.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…