Тэхналёгіі Навука

Мадэль паказала: Зямля без жыцьця магла б заставацца прыдатнай для яе мільярды гадоў

У мадэлі без жыцьця адзінае прыкметнае адрозьненьне паверхні — адсутнасьць кіслароду ў атмасфэры. Аўтары прызнаюць абмежаваньні і спрашчэньні сваёй мадэлі.

Мадэль паказала: Зямля без жыцьця магла б заставацца прыдатнай для яе мільярды гадоў

Міжнародная каманда вучоных змадэлявала, якой была б Зямля, калі б жыцьцё на ёй ніколі не ўзьнікла, і прыйшла да высновы: плянэта магла б заставацца прыдатнай для жыцьця больш за 4.5 мільярда гадоў. Дасьледаваньне правяла група пад кіраўніцтвам астрабіёлягіні Саманты Гілбэрт-Джанізэк з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту. Як паведамляе ScienceAlert, яно апублікавана ў часопісе The Planetary Science Journal.

Вучоныя пабудавалі мадэль Зямлі без біясфэры, але з астатнімі фізычнымі кампанэнтамі: ядром, мантыяй, карой, атмасфэрай, акіянамі і патокам сонечнага выпраменьваньня. Яны змадэлявалі 19 ключавых характарыстык плянэты, сярод іх цеплавы паток, хімічны склад акіянаў і тэмпэратура паверхні.

Віртуальную Зямлю адсочвалі цягам пяці мільярдаў гадоў: ад фармаваньня плянэты да пэрыяду прыкладна праз 500 мільёнаў гадоў у будучыні.

Адсутнасьць жыцьця не паўплывала істотна на паверхню плянэты, за адным выняткам: у атмасфэры няма кіслароду, бо няма фотасынтэзу. Узровень вады ў мадэлі быў параўнальны зь цяперашнім.

Дасьледчыкі напісалі: «Мы паказваем, што на плянэце, падобнай да Зямлі, у ходзе эвалюцыі працягласьцю 4.5 мільярда гадоў (і больш) могуць падтрымлівацца прыдатныя для жыцьця тэмпэратуры паверхні — выключна за кошт абіятычных працэсаў, без удзелу біялягічных мэханізмаў рэгуляваньня клімату. Карбанатна-сылікатны цыкл, абумоўлены ўзаемадзеяньнем працэсаў выветрываньня сылікатаў, вульканічнай дэгазацыі і хімічных працэсаў у акіяне, стварае ўстойлівую адмоўную зваротную сувязь. Яна ўтрымлівае канцэнтрацыю атмасфэрнага CO2 і тэмпэратуру паверхні ў межах, прыдатных для жыцьця, — нягледзячы на тое, што за 4.5 мільярда гадоў яркасьць Сонца вырасла прыкладна на 30%».

Вынікі паказваюць, што наяўнасьць жыцьця не абавязковая для таго, каб камяністая плянэта заставалася прыдатнай для жыцьця.

Паводле гіпотэзы Геі, жыцьцё ўзаемадзейнічае зь фізычным асяродзьдзем плянэты так, што гэта дапамагае падтрымліваць умовы, прыдатныя для жыцьця. Паводле ацэнкі Science Alert, сымуляцыя прапануе новы погляд на ідэі, якія ляжаць у аснове гэтай гіпотэзы.

Самі аўтары называюць галоўным пытаньнем працы, ці патрэбнае жыцьцё для даўгатэрміновай прыдатнасьці камяністай плянэты для жыцьця. Вучоныя прызнаюць, што ў мадэлі ёсьць абмежаваньні і спрашчэньні, у тым ліку дапушчэньні пра тэктоніку пліт, хімію атмасфэры і працэсы, якія рэгулююць клімат Зямлі.

Каментары