Дзяржава Правы чалавека

Сяргея Міхалка аб’явілі ў вышук у Расеі па запыце МУС Беларусі

Лідар «Ляпіса Трубяцкога» і Brutto лічыцца ў вышуку з 23 лістапада. У жніўні Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў яго да чатырох гадоў калёніі.

Сяргей Міхалок — Сяргея Міхалка аб'явілі ў вышук у Расеі па запыце МУС Беларусі
На ілюстрацыі: Сяргей Міхалок

Прапанаваць вокладку

З 23 лістапада лідар гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і Brutto Сяргей Міхалок лічыцца ў вышуку МУС Расеі. Вышук абвешчаны па запыце МУС Беларусі, паведамляюць праваабарончы цэнтар «Вясна» і «Мэдыязона», якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі арганізацыямі. Артыкул расейскага заканадаўства, паводле якога яго шукаюць, у базе не пазначаны.

Музыкант, як паведамляе «Вясна», якую беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, нядаўна скончыў эўрапейскі тур з праектам «Ляпіс 98». Канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» адбыўся ў Бэрліне 16 лістапада.

Пра пачатак спэцыяльнай вытворчасьці ў дачыненьні да Міхалка Сьледчы камітэт паведаміў 18 траўня. Справу разглядалі завочна: паводле зьвестак пракуратуры, абвінавачаны пакінуў Беларусь у 2020 годзе. Паседжаньне ў Менскім гарадзкім судзе прызначылі на 29 ліпеня.

У жніўні суд завочна прыгаварыў Міхалка да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці або розьніцы) і часткі 1 артыкула 368 (зьневажаньне прэзыдэнта) Крымінальнага кодэксу.

Паводле вэрсіі Генпракуратуры, у 2021–2022 гадах музыкант публікаваў на ютуб-канале BRUTTO NOSTRA і ў суполках гурту відэа з «негатыўнай ацэнкай» Аляксандра Лукашэнкі ў «непрыстойнай, у тым ліку нецэнзурнай форме». Сакавіцкае відэа 2022 году, як сьцьвярджае ведамства, зьмяшчала негатыўную ацэнку сілавікоў і вайскоўцаў і было скіравана на выкліканьне варожасьці паводле прыкметы прафэсійнай прыналежнасьці.

21 жніўня МУС уключыла Міхалка і яшчэ пяць чалавек у сьпіс «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці». Прысуд сьпявак не камэнтаваў.

Вышук па беларускіх запытах у Расеі — не навіна. У красавіку 2025 году ў базу МУС РФ было ўключана больш за 1200 грамадзянаў і ўраджэнцаў Беларусі па запытах беларускіх уладаў. Да кастрычніка 2025 году МУС Расеі абвясьціла ў вышук 1180 грамадзянаў Беларусі, а ўсяго ў базе значылася 5220 чалавек.

Беларускія ўлады перасьледуюць Міхалка больш за дзесяць гадоў. Пасьля пратэстаў 2010 году канцэрты «Ляпіса» ў краіне фактычна забаранілі, а песьні музыканта, у тым ліку «Не быць скотам» на вершы Янкі Купалы, прызналі экстрэмісцкімі. У Расеі яго канцэрты фактычна забароненыя з 2014 году, калі ён падтрымаў Майдан.

Сам Міхалок даўно жыве па-за межамі Беларусі і Расеі. Паводле слоў яго былой жонкі Сьвятланы Зелянкоўскай, у 2024 годзе ён жыў у Эстоніі.

Каментары