Расельгаснагляд увёў узмоцнены лябараторны кантроль за прадукцыяй дзьвюх беларускіх кампаніяў праз выяўленыя парушэньні. Ведамства паведаміла пра парушэньні ў двух беларускіх вытворцаў і вырашыла ўзяць прадукцыю абодвух прадпрыемстваў пад узмоцнены лябараторны кантроль.
У мясных кансэрвах Слуцкага мясакамбінату, які ўваходзіць у склад агракамбінату «Дзяржынскі», знайшлі рэшткі кетапрафену. Абмежаваньні ўведзеныя ў дачыненьні да вытворчай пляцоўкі «Слуцкі мясакамбінат» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».
Кетапрафэн — лекавы прэпарат, які ўжываюць у тым ліку ў вэтэрынарыі для зьняцьця болю і запаленьня, а таксама зьніжэньня тэмпэратуры ў жывёлаў.
Узмоцнены кантроль уведзены і ў дачыненьні да прадукцыі ТАА «МілкСтрэйт», якое месьціцца ў Шклове. Рашэньне прынялі пасьля таго, як у малацэ гэтага вытворцы выявілі бактэрыі групы кішачнай палачкі.
У Расельгасналяглядзе ўдакладнілі, што кантроль увялі празь першасныя парушэньні. Паколькі іх выявілі ўпершыню, ведамства вырашыла абмежавацца ўзмоцненым лябараторным кантролем. Пра забарону на ўвоз прадукцыі гэтых прадпрыемстваў у Расею пакуль гаворкі няма. Калі парушэньні выявяць паўторна, меры могуць стаць жорсткімі, аж да часовай забароны на пастаўкі.
Падобныя прэтэнзіі расейскага ведамства да беларускіх вытворцаў узьнікалі і раней. У жніўні 2016 году Расельгаснагляд накіраваў у вэтслужбы Беларусі ліст: расейскія вэтэрынары выказвалі заклапочанасьць тым, што пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі зь Беларусі з парушэньнем вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў ЕАЭС і Расеі набываюць сыстэмны характар. Яны прасілі паведаміць пра меры, прынятыя да 56 беларускіх прадпрыемстваў, у прадукцыі якіх з 6 чэрвеня па 31 ліпеня выяўлялі забароненыя і шкодныя рэчывы.
У лютым 2025 году Расельгаснагляд перавёў трох беларускіх вытворцаў на ўзмоцнены лябараторны кантроль праз кішачную палачку, а ў сьнежні 2024 году ўвёў узмоцнены кантроль па некаторай прадукцыі зь Беларусі па той жа прычыне.
Беларуская вэтслужба тады дала інфармацыю, але не па ўсіх прадпрыемствах: паводле зьвестак Расельгаснагляду, зьвестак не было па 25 перапрацоўчых прадпрыемствах, сярод якіх «Гарадзенскі мясакамбінат», «Малако», «Малочны сьвет», «Савушкін прадукт» і «Санта Брэмар».

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…