Паводле зьвестак Белстату, дыстанцыйна ў Беларусі працуюць каля 33.3 тысячы чалавек — меней за 1% усіх занятых. Гэта каля 0.366% насельніцтва краіны.
Тыповаму дыстанцыйнаму працаўніку 35 гадоў, 80% такіх працаўнікоў маюць вышэйшую адукацыю. Паводле афіцыйных зьвестак, амаль палова зь іх (49.7%) зьвязана са сфэрай інфармацыі.
Асобна статыстыка ўлічвае тых, хто працуе дома: іх болей за 58 тысяч, амаль 1.5% занятых. Паводле афіцыйных зьвестак, гэта пераважна бухгалтары, пэдагогі, швачкі і пекары. Яшчэ каля 21 тысячы беларусаў (0.5%) зарабляюць празь лічбавыя плятформы, напрыклад сэрвісы таксі.
Што з пэнсіяй і стажам: у Мінпрацы запэўнілі, што сам па сабе дыстанцыйны фармат на налічэньне пэнсіі не ўплывае. Начальніца аддзела міністэрства Натальля Масьлянікава сказала: «Дыстанцыйны працаўнік для наймальніка — такі самы працаўнік, як і ўсе астатнія. Такім чынам, усе сацыяльныя нормы і ўсе сацыяльныя выплаты ў дачыненьні да яго дзейнічаюць, і яму, натуральна, захоўваецца страхавы стаж».
Умова адна: афіцыйнае працаўладкаваньне паводле працоўнай дамовы, пры якім за працаўніка плацяцца абавязковыя страхавыя ўзносы. Калі праца не аформленая, гарантыі па стажы і выплатах ня дзейнічаюць.
Дзяржаўны тэлеканал паведамляе, што на вакансіі з аддаленай працай адгукаюцца заўважна актыўней, чым на звычайныя.
Самі працаўнікі апісваюць адваротны бок. Дызайнэрка інтэр'ераў Дар'я Парахонька расказала: «Іншым разам бываюць дні, калі забываеш паесьці, папіць, схадзіць па сваіх справах, банальна памыцца». Кіроўца таксі Яўген Разіньков кажа, што за фінансавы вынік адказвае сам, таму яму нявыгадна хварэць.
Псыхалягіня Вераніка Манкевіч зьвяртае ўвагу, што межы паміж працай і адпачынкам расплываюцца. Сярод наступстваў яна называе бессань, хранічную стому і нежаданьне выходзіць з дому. Для прафіляктыкі выгараньня раіць трымацца графіка і раніцай і вечарам выходзіць на вуліцу, імітуючы дарогу ў офіс.
У Працоўным кодэксе паняцьце «аддаленая праца» зьявілася ў 2020 годзе, ёй прысьвечаны асобны разьдзел. Дыстанцыйная праца можа выконвацца не па месцы знаходжаньня наймальніка, і наймальнік не абавязаны ствараць для такога працаўніка месца ў офісе. Прыцягваць да аддаленай працы працаўнікоў з-за мяжы нельга, выключэньне — службовая камандзіроўка за межы Беларусі.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…