Палітыка Улады

Добраахвотнікаў народнага апалчэньня ў Беларусі змогуць склікаць на зборы да 25 дзён

Добраахвотнікі народнага апалчэньня на час вучэбных збораў атрымаюць статус вайскоўцаў і сацыяльныя гарантыі. Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб зборах» 24 лістапада.

Добраахвотнікаў народнага апалчэньня ў Беларусі змогуць склікаць на зборы да 25 дзён

Прапанаваць вокладку

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў Беларусі атрымалі права штогод праводзіць вучэбныя (праверачныя) зборы з добраахвотнікамі народнага апалчэньня працягласьцю да 25 дзён. На час збораў добраахвотнікі атрымаюць статус вайскоўцаў і сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя для вайскоўнаабавязаных, якіх прыцягваюць на вайсковыя зборы. Указ №419 «Аб зборах» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у аўторак, 24 лістапада.

Указ тычыцца правядзеньня збораў з добраахвотнікамі і прадастаўленьня ім статусу і сацыяльных гарантыяў. Якія менавіта гарантыі вайскоўцаў распаўсюдзяцца на апалчэнцаў, у паведамленьнях пра ўказ не сказана.

Народнае апалчэньне дзейнічае паводле закону ад 17 ліпеня 2023 году «Аб народным апалчэньні». Удзельнічаць у ім могуць добраахвотнікі. Самі зборы цяпер вырашылі праводзіць мясцовыя ўлады, а не вайсковыя структуры.

Ідэя апалчэньня зьявілася ў чэрвені 2022 году, праз 3.5 месяца пасьля пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Тады Лукашэнка заявіў, што з улікам «негатыўнага ўкраінскага досьведу» вырашыў на ўсялякі выпадак мець пры кожным сельскім савеце народнае апалчэньне. Паводле яго слоў, базай служыць сельскі савет, а ў атрадзе можа быць 50 чалавек. Па зьмесьце апалчэньне арыентавана найперш на процідзеяньне дывэрсантам і дывэрсійна-разьведвальным групам у тыле.

У канцы кастрычніка ў Смаргонскім раёне, паводле слоў Дзьмітрыя Місюка, на базе сельвыканкамаў сфармавалі 7 атрадаў агульнай колькасьцю 66 чалавек. Паводле яго слоў, у выпадку неабходнасьці яны будуць залічаныя ў атрады і стануць на абарону Радзімы.

У пачатку лістапада, падчас паездкі ў Верхнядзьвінскі раён, Лукашэнка наведаў заняткі аднаго з атрадаў. Ён заявіў, што ў кожным сельсавеце мусіць быць такі атрад, і паабяцаў, што зброя для апалчэнцаў нарыхтаваная: аўтамат, гранаты і кулямёт. «У вас тут краіна НАТО побач. Ня дай бог, вядома, нам ваяваць зь імі. Але тым ня меней мы мусім быць гатовыя», — сказаў ён.

Тады ж прэзыдэнт даручыў узяць пад кантроль праверку функцыянаваньня і стварэньня атрадаў. Дзяржаўны сакратарыят Савета Бясьпекі падрыхтуе плян такой праверкі.

Каментары