Польшча мусіць выплаціць 20 тысяч эўра грамадзяніну Аўганістана, якога памежнікі ў кастрычніку 2021 году вярнулі ў Беларусь. Вялікая палата Эўрапейскага суду па правах чалавека 24 лістапада аднагалосна прызнала, што Польшча парушыла артыкул 3 Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека.
Да моманту выдварэньня ўжо дзейнічала прадпісаньне ЭСПЧ, якое забараняла вяртаць мужчыну ў Беларусь, калі ён знаходзіцца на польскай тэрыторыі. Другому заяўніку суд прысудзіў 5 тысяч эўра кампэнсацыі маральнай шкоды, яшчэ 3137.01 эўра — на пакрыцьцё судовых выдаткаў.
Скаргу па справе «A.R. і іншыя супраць Польшчы» першапачаткова падалі 32 грамадзяне Аўганістана, але разгляд працягнулі толькі двое. Летам 2021 году група заяўнікаў апынулася ў стыхійным лягеры на мяжы зь Беларусьсю каля польскай вёскі Уснаж-Гурны.
Суд палічыў недаказаным сьцьверджаньне заяўнікаў, што лягер першапачаткова знаходзіўся на польскай тэрыторыі. Пакуль яны былі ў лягеры на беларускім баку, юрысдыкцыя Польшчы на іх не пашыралася.
20 кастрычніка 2021 году адзін з мужчынаў перасёк мяжу і некалькі гадзінаў знаходзіўся пад кантролем польскіх памежнікаў. Таго ж дня яны вярнулі яго ў Беларусь.
На думку ЭСПЧ, у памежнікаў было досыць часу, каб даведацца пра прадпісаньне суду. Польскія ўлады мусілі ацаніць, якая небясьпека пагражала мужчыну пасьля вяртаньня і ці патрабаваў ён абароны, але гэтага не зрабілі.
Акрамя таго, суд аднагалосна ўстанавіў парушэньне артыкула 34 Канвэнцыі, які гарантуе права на індывідуальную скаргу: 28 верасьня 2021 году польскія ўлады не дапусьцілі адвакатаў да абодвух заяўнікаў. Агульная сума кампэнсацыі маральнай шкоды паводле рашэньняў складае 25 тысяч эўра.
Рашэньні тычацца таксама справаў супраць Латвіі і Літвы пра спробы грамадзянаў Ірака і Кубы незаконна трапіць на іх тэрыторыю зь Беларусі ў 2021–2022 гадах.
Паводле заявы ЭСПЧ, вяртаньне іншаземцаў у дзяржаву, якая выкарыстоўвае міграцыю як інструмэнт ціску на іншыя краіны, само па сабе не парушае артыкул 3. Суд падкрэсьліў, што падзеі адбываліся ў кантэксьце «варожых дзеяньняў беларускіх уладаў», якія атрымалі назву «інструмэнталізацыя міграцыі».
Паводле высновы суду, Беларусь «заахвочвала, палягчала або прымушала мігрантаў да перамяшчэньня праз свае межы з мэтай дэстабілізацыі дзяржаваў-адказчыкаў або рэгіёну ў цэлым».
Міграцыйны крызыс на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх краінаў Эўразьвязу абвінавачваюць Менск у яго арганізацыі, беларускі бок адхіляе абвінавачаньні. Паводле зьвестак на студзень 2023 году, польская памежная служба з жніўня 2021 году вярнула ў Беларусь больш за 50 тысяч нелегальных мігрантаў.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…