Першы нумар беларускай газэты «Наша Ніва» выйшаў у Вільні 10 (23) лістапада 1906 году. Каштаваў ён 5 капеек, а наклад складаў каля 4500 асобнікаў. Улады Беларусі ўнесьлі «Нашу Ніву» ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Газэту заснавала кіраўнічая група Беларускай сацыялістычнай грамады: браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандар Уласаў і Вацлаў Іваноўскі.
«Наша Ніва» стала пераемніцай газэты «Наша доля», першай беларускай газэты «для віосковага i местоваго люду». З шасьці нумароў «Нашай долі» цэнзура канфіскавала чатыры, а сёмы паліцыя зьнішчыла яшчэ ў друкарскім наборы. Пасьля выхаду шостага нумару газэту забаранілі.
Газэта была першым масавым легальным беларускамоўным выданьнем. Яе ролю ў станаўленьні беларускай літаратурнай мовы, нацыянальнай сьвядомасьці і ідэі беларускай дзяржаўнасьці называюць выключнай. Старонкі і рэдакцыйныя пакоі былі лябараторыяй, дзе складалася сучасная агульнабеларуская літаратурная мова.
Тарашкевіч пазьней навукова замацаваў гэты досьвед.
На старонках газэты друкаваліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка і Зьмітрок Бядуля. Першы нумар выйшаў на васьмі старонках, і выданьне пазыцыянавала сябе як «першая беларуская газэта з рысункамі». Друкавалася яна адначасова кірыліцай і лацінкай.
Перад выхадам першага нумару пра гэта паведамілі афіцыйны «Варшаўскі дзёньнік» і варшаўская газэта «Ludzkość». Яны пісалі пра хуткі выхад тыднёвіка пад імем Зыгмунта Вольскага.
Былы рэдактар Аляксандар Уласаў расказваў, што ехаў у цягніку і чытаў беларускія вершы плытагонам. Тыя адказалі, што ў іх ёсьць настаўнік, які сьмешна чытае па-свойму.
Цягам першых трох гадоў газэта надрукавала 960 карэспандэнцыяў амаль зь 500 вёсак і мястэчак. Чытачы дасылалі лісты, дзяліліся навінамі і самі станавіліся аўтарамі.
Дзьмітры Гурневіч прапануе зірнуць на «Нашу Ніву» як на сваеасаблівую сацыяльную сетку пачатку XX стагодзьдзя. Паводле яго словаў, газэта ня толькі гаварыла з чытачамі, але і давала ім магчымасьць гаварыць між сабой.
Галоўнага рэдактара Аляксандра Уласава ў 1909 годзе прыцягнулі да адказнасьці за антыўрадавы і рэвалюцыйны зьмест публікацыяў і прысудзілі да 4 месяцаў турмы. Якуб Колас у 1908 годзе атрымаў 3 гады зьняволеньня за ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе. Цётка ратавалася ад арышту ў вымушанай эміграцыі ў Аўстра-Вугоршчыне.
У 1910–1912 гадах ад фінансавага краху газэту ўратавала княгіня Магдалена Радзівіл. Першы этап гісторыі выданьня скончыўся ў жніўні 1915 году, калі да Вільні наблізіліся нямецкія войскі.
З 28 кастрычніка па 20 сьнежня 1920 году выйшла 9 нумароў адноўленай газэты, пасьля чаго яе забараніла польская вайсковая цэнзура.
Пасьля перапынку ў 1915–1991 гадах выданьне аднавілі ў Вільні, а пазьней яно пераехала ў Менск. З 2018 году «Наша Ніва» працуе як інтэрнэт-выданьне.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…