У Магілёве плянуюць закрыць дзіцячы садок №8, якому 90 гадоў. Рашэньне патлумачылі нерэнтабэльнасьцю. У садку працуюць дзьве групы для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі маўленьня і засмучэньнем аўтыстычнага спэктру.
Бацькі апісваюць садок як установу з 90-гадовай гісторыяй і добрай тэрыторыяй. Ён перажыў Вялікую Айчынную вайну, але можа перастаць працаваць праз «нерэнтабельнасьць».
Бацькі запісалі відэазварот наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі і просяць не закрываць садок. Зварот зьявіўся ў Threads пасьля таго, як сем'ям патлумачылі, што садок нерэнтабэльны. Меней чым за суткі галінку паглядзелі дзясяткі тысяч разоў.
Бацькі просяць разабрацца, на якой падставе закрываюць запоўнены садок, адзіны ў пешай даступнасьці: «Наш садок перажыў вайну, але ня можа перажыць аптымізацыю».
Па словах бацькоў, на сходзе 3 лістапада 2026 году ім не паказалі ніводнага дакумэнта з прававым абгрунтаваньнем закрыцьця. Прагучала толькі фраза «нерэнтабельны, не выгодна ўтрымліваць». Адна з мамаў кажа, што на сходзе таксама заявілі: у верасьні 2027 году ў садок прыйдзе вельмі мала дзяцей.
Бацькі сьцьвярджаюць, што гэта адзіны садок у мікрараёне, да якога можна дайсьці пешшу. Па іх словах, бліжэйшыя садкі знаходзяцца далей чым за 700 мэтраў, і месцаў там няма. Яны таксама кажуць, што іх дзеці перамагаюць у гарадзкіх конкурсах «Залаты львёнак», «Капітошка», «Самая бясьпечная ёлачка» і «Птушыны дом».
Беларусы падтрымалі маці. Яны прапанавалі адкрываць у кожным дзіцячым садку групы для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…