Грамадзтва

Беларускі шукаюць у царкоўных крамах бранзалеты па 3 рублі пасьля допісаў у Threads

Падобнае ўпрыгожаньне на маркетплэйсах каштуе амаль утрая даражэй. У менскім Раякаўскім прадмесьці бранзалет, які завуць «Пандорай», прадаюць за 12.50 рубля.

Беларускі шукаюць у царкоўных крамах бранзалеты па 3 рублі пасьля допісаў у Threads

Прапанаваць вокладку

Беларускі пачалі шукаць упрыгожаньні ў царкоўных крамах: нагодай сталіся допісы ў Threads з фотаздымкамі пакупак. Трэнд, мяркуючы па ўсім, першым растыражавалі менавіта там, потым ён дабраўся да TikTok, дзе зьявіўся хэштэг «Царкоўныя бранзалеты з Threads».

Кошт некаторых бранзалетаў у царкоўных крамах — усяго 3 рублі. Бранзалет з каляровымі ўстаўкамі і невялікай падвескай у выглядзе крыжыка купілі менавіта за такую суму. Падобны выраб, тонкі срэбны бранзалет з блакітнымі і празрыстымі ўстаўкамі і крыжыкам, на інтэрнэт-маркетплэйсах каштуе амаль утрая даражэй.

Адна з карыстальніц пахвалілася пакупкай бранзалетаў у царкоўнай краме ў Берасьці і напісала: «Урвала бранзалеты з царкоўнай крамы. Берасьце». Іншая апублікавала фота сваёй пакупкі, назваўшы сябе «ахвярай Threads».

Іншая карыстальніца паказала дзьве вітрыны з упрыгожаньнямі ў менскім Раякаўскім прадмесьці і адзначыла, што там ёсьць вырабы, падобныя да прадукцыі Pandora. Адзін з бранзалетаў, які завецца «Пандорай», каштуе там 12.50 рубля.

Дзяўчына суправадзіла фота бранзалета за 3 рублі фразай: «Блішчыць, як Сваровскі». Гэтак жа ўладальніца ўпрыгожаньня ацаніла сваю пакупку.

Вытанчаныя ўпрыгожаньні прадаюцца ўжо ня першы год, але народны маркетынг падключыўся толькі нядаўна.

Каментары