Грамадзтва

Dobry Start: да канца лістапада можна падаць заяўку на 300 злотых на школьніка

Выплата складае 300 злотых на дзіця. З гэтага году іншаземцам з-за межаў Эўразьвязу трэба пацьвердзіць прафэсійную актыўнасьць.

Dobry Start: да канца лістапада можна падаць заяўку на 300 злотых на школьніка

Прапанаваць вокладку

Да канца лістапада бацькі могуць падаць у Упраўленьне сацыяльнага страхаваньня Польшчы (ZUS) заяўку на дапамогу Dobry Start для школьнікаў. Тэрмін — 30 лістапада.

Dobry Start — аднаразовая выплата ў 300 злотых на школьную выпраўку. Бацькі могуць патраціць яе на падручнікі, сшыткі, школьныя прыналежнасьці, кампутарную тэхніку і іншае абсталяваньне для навучаньня. Дапамогу плацяць незалежна ад даходаў бацькоў.⁠[1]

Дапамога належыць вучням польскіх школаў ва ўзросьце ад 7 да 20 гадоў, а калі ў дзіцяці ўстаноўленая інваліднасьць — да 24 гадоў. Узроставы парог лічыцца па годзе нараджэньня. Выпускнікі тэхнікумаў, ліцэяў і школаў пасьля сярэдняй адукацыі захоўваюць права на выплату, нават калі ім споўнілася 20 гадоў (або 24 гады) да пачатку навучальнага году.⁠[1]

Праграма не пашыраецца на дзяцей зь дзіцячых садкоў і нулявой клясы («зэроўкі»), а таксама на студэнтаў.

З гэтага году для іншаземцаў дзейнічае дадатковая ўмова. Грамадзяне краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, ЕАСТ і Вялікабрытанію, уключна з украінцамі са статусам UKR, павінны быць прафэсійна актыўныя ў месяцы перад падачай заяўкі.

Гэта значыць, што з аднаго з бацькоў павінны плаціцца пэнсійныя ўзносы (emerytalne і rentowe) ад базы ня меней за 50% мінімальнай заробкавай платы. Бацька ці маці можа быць ахоплены сацыяльным забесьпячэньнем і не праз працу: статус беспрацоўнага, адпачынак па догляду дзіцяці, пэнсія або праграма інтэграцыі.

Пры падачы заявы ў ZUS іншаземцы абавязаныя паказаць дакумэнты перасячэньня мяжы і дакумэнты, што пацьвярджаюць законнасьць побыту ў Польшчы, — і на сябе, і на дзіця.

Паводле зьвестак ZUS, патрабаваньне прафэсійнай актыўнасьці не датычыць некалькіх групаў. Гэта іншаземцы, якія падаюць заяву на дзіця — грамадзяніна Польшчы, і тыя, хто выхоўвае дзіця да 16 гадоў з устаноўленай інваліднасьцю.

Таксама яно не пашыраецца на апекуноў, прызначаных уладамі краіны паходжаньня дзіцяці, і на тых, хто падае заяву сам — як вучань або ўдзельнік праграмы самастойнай адаптацыі.

Каментары