Грамадзтва

У Мэксыцы затрымалі наркабарона зь дзясяткі самых расшукваных ФБР, загінулі 11 чалавек

Апэрацыю ў Гуасаве суправаджалі баі з баевікамі, выбухі і перакрытыя дарогі. Паводле зьвестак Мінабароны Мэксыкі, разам з кіраўніком групоўкі арыштавалі яшчэ сем чалавек.

У Мэксыцы затрымалі наркабарона зь дзясяткі самых расшукваных ФБР, загінулі 11 чалавек
Фота: edition.cnn.com

Прапанаваць вокладку

Мэксыканскія вайскоўцы 20 лістапада затрымалі Фаўста Ісідро Мэсу Флорэса, празванага «Эль Чапо Ісідро», які ўваходзіў у сьпіс дзесяці самых расшукваных уцекачоў ФБР. Паводле CNN, затрыманьне справакавала жорсткія перастрэлкі ў штаце Сіналоа, загінулі ня меней за 11 чалавек, а заўзятарам давялося ўцякаць з бэйсбольнага матчу.

Апэрацыю правялі ў горадзе Гуасаве на поўначы штата Сіналоа. Мэса Флорэс узначальвае адну з фракцыяў былога картэля Сіналоа, а CNN называе яго кіраўніком картэля «Лос-Масатлекос».

Вайскоўцы акружылі дом наркабарона, пасьля чаго яго саўдзельнікі адкрылі агонь і ўжылі выбуховыя рэчывы. Баевікі атакавалі вайскоўцаў і блякавалі дарогі. Паводле зьвестак Мінабароны Мэксыкі, на пачатку апэрацыі ўлады зазналі напады з ужываньнем агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, а блёкпосты зьявіліся ў некалькіх муніцыпалітэтах побач зь месцам арышту. У рэгіёне таксама фіксавалі пажары і палёты вайсковых верталётаў.

Ведамства паведаміла, што апэрацыю правялі элітныя вайсковыя падразьдзяленьні, якія разьлічвалі на сакрэтнасьць і эфэкт нечаканасьці. Паводле яго зьвестак, пасьля арышту Мэсу Флорэса даставілі ў Мэхіка, а падчас той жа апэрацыі затрымалі яшчэ сем падазраваных чальцоў ягонай арганізацыі. Сілавікі таксама канфіскавалі значную колькасьць зброі, уключна з гранатамётам, а таксама наркотыкі і наяўныя грошы.

Паводле CNN, сярод загінулых чацьвёра вайскоўцаў мэксыканскай арміі і сямёра чалавек, якія спрабавалі перашкодзіць затрыманьню.

У сьпіс дзесяці самых расшукваных уцекачоў ФБР Мэса Флорэс трапіў у лютым 2025 году. Узнагароду да 5 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа яго затрымаць ці асудзіць, ЗША абвесьцілі яшчэ ў 2017 годзе.

Паводле РБК-Украіна, у яго былі апорныя пункты ў Гуасаве, Лос-Мочысе і некалькіх населеных пунктах горнай мясцовасьці, у тым ліку ў Бадырагуата, а яго самога лічылі адным з галоўных экспартэраў наркотыкаў зь Сіналоа. У канцы 2024 году вайскова-марскія сілы Мэксыкі выявілі ў Гуасаве больш за тону фэнтанілу.

Каментары