З 16 лістапада ў Менску спыніўся пракат электрасамакатаў. Апошнім днём працы сэрвісаў было 15 лістапада, а раніцай 16-га карыстальнікі ўбачылі ў праграмах паведамленьні пра завяршэньне сэзону.
Усе сэрвісы пракату самакатаў адключылі арэнду і прыбралі двухколавы транспарт з гарадзкіх вуліцаў да вясны. Паведамленьні атрымалі карыстальнікі трох апэратараў: расейскага Whoosh, беларускага Eleven і Яндэкс Go. Менавіта праз гэтыя сэрвісы можна было арандаваць самакаты ў гэтым сэзоне.
У праграме Яндэкс Go зьявілася паведамленьне з выявай самаката ў чырвона-белым шаліку і надпісам: «Сэзон самакатаў скончыўся. Клясна пакаталіся! Убачымся вясной».
Карыстальнікі Whoosh раніцай 16 лістапада ўбачылі паведамленьне «Пайшлі на зімоўку».
У Whoosh запэўнілі, што пасьля вяртаньня сэрвісу вясной усё будзе працаваць як раней. Паводле заявы кампаніі, назапашаныя балы, узровень у праграме ляяльнасьці і статус падпіскі захаваюцца. Актыўная падпіска, паводле яе слоў, пачне дзейнічаць зь першай паездкі пасьля зімоўкі. Карыстальнікам прапанавалі сачыць за навінамі сэрвісу ў сацыяльных сетках.
Eleven падвёў вынікі сэзону. Паводле зьвестак сэрвісу, часьцей за ўсё менчукі катаюцца на арэндных самакатах па праспэктах Незалежнасьці, Дзяржынскага і Пераможцаў, а таксама па вуліцах Прытыцкага і Нямізе. На вуліцах сталіцы было прыкладна 14 тысяч электрасамакатаў.
У сакавіку 2026 году ў Беларусі узмацнілі правілы для карыстальнікаў самакатаў і ўвялі штрафы за парушэньні. Сэзон пракату ў Менску адкрыўся ў красавіку 2026 году.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…