Грамадзтва

На Менскай ачышчальнай станцыі будуюць чатыры рэзэрвуары вышынёй 32 мэтры

Кожны рэзэрвуар разьлічаны на 12000 кубамэтраў асадку сьцёкавых водаў. З атрыманага біягазу плянуюць вырабляць электрычнасьць.

На Менскай ачышчальнай станцыі будуюць чатыры рэзэрвуары вышынёй 32 мэтры

Прапанаваць вокладку

На рэканструкцыі Менскай ачышчальнай станцыі адначасова ўзводзяць чатыры маналітныя рэзэрвуары вышынёй 32 мэтры, прыкладна зь дзесяціпавярховы дом. Будаўнікі завуць іх мэтантэнкамі. Працы вядзе СУ-26 будтрэсту № 4. Паводле «Менскбуду», такіх маналітных рэзэрвуараў у Беларусі яшчэ не будавалі.

Аб'ём кожнага рэзэрвуара складзе 12000 кубамэтраў. Унутры асадак сьцёкавых водаў будзе бражыць пры тэмпэратуры 55°C без доступу кіслароду, у працэсе вылучыцца біягаз.

Сьцены адліваюць зь бэтону высокай моцы ўчасткамі па тры мэтры. Апрача звычайнай арматуры, у бэтон кладуць у некалькі радоў напружвальныя канаты. Калі бэтон набірае моц, канаты нацягваюць дамкратамі і замацоўваюць анкерамі, так сьцены змогуць вытрымліваць ціск знутры.

Дырэктар «Белкамунпраекта» Дзяніс Драпей распавёў у кастрычніку, што з атрыманага біягазу плянуюць вырабляць электрычнасьць. Паводле яго ацэнкі, аднаўляльныя крыніцы змогуць пакрыць каля дзьвюх трэціх патрэбы станцыі ў энэргіі.

Іл пасьля абязводжваньня ў пэрспэктыве плянуюць спальваць: застанецца попел, а на палігоны будзе трапляць меней адкідаў. У «Менскбудзе» тлумачаць, што рэканструкцыя скіраваная на павышэньне якасьці ачысткі вады і скарачэньне аб'ёму адкідаў, якія паступаюць на палігоны.

Станцыя працягвае ачышчаць сьцёкі, пакуль на яе тэрыторыі ідуць працы. Частка збудаваньняў першай чаргі ўжо ўведзеная ў эксплуатацыю, абноўленая лінія падрыхтоўкі асадку да ўтылізацыі таксама працуе. На рэканструкцыі занятыя больш за 500 спэцыялістаў.

Да канца 2026 году будаўнікі разьлічваюць здаць тры аэратэнкі для біялягічнай ачысткі сьцёкаў з помпавай станцыяй і завяршыць першую чаргу.

Каментары