13 лістапада Федэральнае ўпраўленьне грамадзянскай авіяцыі ЗША (FAA) прыпыніла вылеты з усіх аэрапортаў краіны. У ведамстве патлумачылі рашэньне «з прычыны надзвычайных абставінаў і меркаваньняў бясьпекі».
У паведамленьні FAA сказана: «Усе рэйсы, што вылятаюць, мусяць заставацца прыпыненымі да наступнага апавяшчэньня». Папярэдне абмежаваньні мусілі дзейнічаць да 22:00 па вашынгтонскім часе.
Самалёты, якія ўжо былі ў паветры, маглі прызямліцца, а тыя, што стаялі на зямлі, не маглі ўзьляцець. Пытаньні наконт міжнародных рэйсаў, якія прыбываюць, паводле FAA, будуць разглядацца ў індывідуальным парадку.
У краіне ўзьніклі праблемы са сувязьзю ў сыстэме кіраваньня паветраным рухам. У FAA удакладнілі, што прыпыненьне абвясьцілі па ўсёй краіне, бо збой закрануў адразу некалькі цэнтраў кіраваньня на маршрутах. Незадоўга да гэтага ведамства спыніла рух у Чыкага праз праблемы са сувязьзю з дыспэтчарскай службай.
Міністар транспарту Шон Даффі напісаў у сацсетцы X, што збоі ахапілі ўсе цэнтры кіраваньня паветраным рухам. Нацыянальная мэтэаралягічная служба паведаміла пра перабоі з інтэрнэтам і сувязьзю на ўсёй тэрыторыі ЗША.
Збой адбыўся праз колькі дзён пасьля таго, як улады абвясьцілі пра ўкараненьне ў рэгіянальных цэнтрах кіраваньня па краіне новага інструмэнту кантролю трафіку на аснове штучнага інтэлекту.
Паводле зьвестак сэрвісу FlightAware, праз агульнанацыянальнае прыпыненьне вылетаў затрымана або скасавана амаль 7000 рэйсаў. РБК-Украіна са спасылкай на CNN і The Wall Street Journal паведамляе пра затрымку больш за 10000 рэйсаў.
Тэхнічныя спэцыялісты FAA высьвятляюць прычыны няспраўнасьці, пра расьсьледаваньне казаў і Даффі. Міністар унутранай бясьпекі Маркўэйн Мальлін заявіў, што гэта не «яшчэ адно 11 верасьня», а збой тэлекамунікацыяў. Паводле яго, пакуль невядома, ці зьвязаны ён з кібэратакай або ўмяшаньнем ШІ.
Калі журналіст заўважыў, што ў той дзень FAA ўкараняла новую сыстэму кіраваньня рухам на аснове ШІ, Мальлін адказаў, што праверка ідзе.
14 лістапада Даффі заявіў, што для ўхіленьня маштабнага збою, а менавіта непаладак з навігацыяй, трэба 50 млрд даляраў. Паводле яго, грошы патрэбныя для мадэрнізацыі састарэлай сыстэмы.
Паводле ацэнкі Reuters, гэта другі выпадак поўнага прыпыненьня ўсіх вылетаў у ЗША пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. У верасьні 2026 году FAA ўжо часова прыпыняла палёты ў некалькіх буйных аэрапортах на ўсходнім узьбярэжжы праз маштабны тэхнічны збой у сыстэме сувязі.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…