У Францыі 14 лістапада прайшлі дэманстрацыі ў розных гарадах краіны. Гэта пятая субота пратэстаў запар. Паводле ацэнкі міністэрства ўнутраных справаў, на вуліцы выйшлі каля 106 тысяч чалавек, зь іх 24 тысячы сабраліся ў Парыжы.
Моладзевыя прафсаюзы і арганізатары называюць іншыя лічбы: 200 тысяч удзельнікаў па ўсёй краіне і амаль 100 тысяч у сталіцы.
Паводле зьвестак міністэрства ўнутраных справаў, праваахоўнікі затрымалі 219 чалавек. У некалькіх гарадах адбыліся сутыкненьні.
Да акцыяў далучыліся «жоўтыя камізэлькі», студэнты і прафсаюзы работнікаў адукацыі. Пратэстоўцы выступілі супраць новага законапраекту пра паліцыю: ён прадугледжвае дадатковую прававую абарону для паліцэйскіх і жандараў, якія ўжываюць агнястрэльную зброю пры выкананьні службовых абавязкаў. Законапраект падтрымлівае партыя Марын Ле Пэн, якая лідзіруе ў апытаньнях па прэзыдэнцкіх выбарах.
Моладзь пратэстуе супраць праблемаў у адукацыі і падаражэньня жыцьця. Прафсаюзы лічаць недастатковым абяцанае ўрадам павышэньне мінімальнай зарплаты на 0.6%.
Марыюс Меніль, адзін з генэральных сакратароў Прафсаюзу ліцэістаў, сказаў: «Мы просім, каб у нас былі настаўнікі, калі мы прыходзім на заняткі. Мы просім, каб на нас не абвальвалася столь, калі мы ядзім у сталовай. Мы просім, каб пасьля выпускных экзамэнаў, нягледзячы на тое, што ўмовы з кожным годам пагаршаюцца, мы маглі працягнуць навучаньне ва ўнівэрсытэце».
Удзельнік руху «жоўтых камізэлек» Бэнжамэн Бал заявіў: «Урад даў нам толькі крошкі, а мы хочам усю пякарню».
Школьныя акцыі пачаліся 21 верасьня ў адным з прыгарадных ліцэяў Парыжа. У кастрычніку 2026 году старшаклясьнікі заблякавалі сотні навучальных установаў і ўступілі ў супрацьстаяньне з праваахоўнікамі.
Прафсаюзы заклікалі да новага страйку ў аўторак, 17 лістапада.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…