Палітыка Міжнародныя адносіны

Кліматычная канфэрэнцыя COP31 у Антальлі скончылася без выніковага дакумэнта

Каля 200 краінаў не дамовіліся пасьля двухдзённага падаўжэньня. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў Аляксей Стасюкевіч.

Кліматычная канфэрэнцыя COP31 у Антальлі скончылася без выніковага дакумэнта
Фота: t.me/minpriroda_belarus

Прапанаваць вокладку

31-я Канфэрэнцыя бакоў Рамкавай канвэнцыі ААН пра зьмену клімату (COP31) скончылася ў турэцкай Антальлі без агульнага выніковага палітычнага дакумэнта. Перамовы падаўжалі на два дні, але каля 200 краінаў не здолелі ўзгадніць тэкст.

Прэзыдэнт COP31, міністар навакольнага асяродзьдзя Турцыі Мурат Курум сказаў: «Я разумею, што згоды па гэтым тэксьце няма. Таму гэтыя рашэньні не прынятыя».

Дэлегацыя Беларусі на COP31
Дэлегацыя Беларусі на COP31 · Фота: t.me/minpriroda_belarus

У фінальным праекце, які прапанавалі старшынстваючыя Турцыя і Аўстралія, не было прамога закліку да паэтапнай адмовы ад выкапнёвага паліва. Аўстралійскі міністар па пытаньнях зьмены клімату і энэргетыкі Крыс Боўэн прызнаў, што пагадненьне разьбілася перш за ўсё аб два пытаньні: будучыню выкапнёвага паліва і фінансаваньне кліматычнай палітыкі.⁠[1]

Кліматоляг сьцьвярджае, што пагадненьне не прынялі праз супрацьдзеяньне Расеі і Саудаўскай Аравіі.

Дэлегацыя Беларусі на COP31
Дэлегацыя Беларусі на COP31 · Фота: t.me/minpriroda_belarus

Эўрапейскі зьвяз і шэраг іншых краінаў адмовіліся падпісваць тэкст без выразных абавязацельстваў па адмове ад вугалю, нафты і газу. Ірляндзкі міністар навакольнага асяродзьдзя Дараг О'Браен, які выступаў ад імя ЭЗ, заявіў, што непрымальна, калі кліматычны дакумэнт не згадвае выкапнёвае паліва і неабходнасьць адмовы ад яго.⁠[1]

Боўэн назваў вынік саміту «вельмі расчароўваючым». Курум заявіў, што новага тэксту пагадненьня ня будзе.⁠[1]

Беларускую дэлегацыю ўзначальваў першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксей Стасюкевіч. На палёх канфэрэнцыі ён сустрэўся з дырэктарам Каардынацыйнага цэнтру ПРААН па кліматычных і энэргетычных праграмах Кейсі Флін.

Паводле заявы Беларусі, яна патрабуе цалкам ацэньваць шкоду ня толькі ад аднабаковых мераў кліматычнага рэгуляваньня, але і ад прамых гандлёва-эканамічных абмежаваньняў. Менск таксама паведаміў, што ўрад вызначыў зьніжэньне энэргаёмістасьці ВУП на 4 працэнты да 2030 году адносна 2025 году, а з 2024 году на прадпрыемствах разьвіваецца сыстэма маніторынгу, справаздачнасьці і вэрыфікацыі парніковых газаў.

Гэта першы выпадак з 2009 году, калі штогадовыя кліматычныя перамовы ААН канчаюцца без выніковага дакумэнта. Парыжскае пагадненьне 2015 году працягвае дзейнічаць, як і раней прынятыя абавязацельствы дзяржаваў.

Каментары