Палітыка Міжнародныя адносіны

Масад папярэдзіў ЦРУ аб плянах Ірана забіць Трампа з дапамогай дронаў

Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт перабраўся з дому на вайсковую базу. Паводле зьвестак Israel Hayom, пагроза паўплывала на падыход Трампа да перамоваў з Тэгеранам.

Масад папярэдзіў ЦРУ аб плянах Ірана забіць Трампа з дапамогай дронаў
Фота: pravda.com.ua

Прапанаваць вокладку

Ізраільская выведка «Масад» папярэдзіла ЦРУ пра пляны Ірана забіць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў. Пра гэта піша ізраільскае выданьне Israel Hayom са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў Ізраіля і ЗША. Паводле іх словаў, атакаваць маюць намер з дапамогай бесьпілётнікаў.

Інфармацыя «Масада», як сьцьвярджаюць суразмоўцы выданьня, указвае на канкрэтныя пагрозы, уключна з магчымымі атакамі бесьпілётнікамі, напоўненымі выбуховым рэчывам. Ізраіль пацьвердзіў гэтыя зьвесткі па просьбе амэрыканскага боку. Выведвальныя зьвесткі таксама пацьвердзіла іншае заходняе выведвальнае агенцтва. Якое менавіта, крыніцы не назвалі.

У апошнія тыдні амэрыканскія чыноўнікі прыйшлі да высновы, што падрыхтоўка Іранам змоваў супраць цяперашніх і былых прадстаўнікоў улады ЗША перайшла на больш прасунуты этап.

Чыноўнікі ЗША з патэнцыйнай групы рызыкі абмежавалі публічныя выступы на адкрытым паветры, а некаторыя часова пераехалі з дамоў у больш бясьпечныя месцы. Публічныя выступы самога Трампа таксама скарацілі, для іх увялі спэцыяльныя меры бясьпекі.

Міністар фінансаў Скот Бэсэнт нядаўна пераехаў з дому ў прыгарадзе Вашынгтона на вайсковую базу праз пагрозы з боку Ірана. Ён апошні зь вышэйшых чыноўнікаў адміністрацыі Трампа, хто пакінуў дом дзеля базы або ахоўнага жытла. 13 лістапада Бэсэнт заявіў, што не баіцца пагрозаў Ірана, але пацьвердзіў пераезд.

Паводле зьвестак Israel Hayom, шансы на дасягненьне нават папярэдняй дамовы паміж ЗША і Іранам за апошнія дні прыкметна зьнізіліся, часткова праз гэтыя выведвальныя зьвесткі. Пагрозы сталі адным з галоўных фактараў нядаўняй зьмены падыходу Трампа да перамоваў з Тэгеранам. Гэта тычыцца і высілкаў дзеля пагадненьня на аснове мэмарандуму пра ўзаемаразуменьне, заключанага ў маі.

Падобныя папярэджаньні гучалі і раней. У ліпені 2024 году амэрыканская выведка выявіла магчымыя пагрозы новых замахаў на Трампа з боку Ірана. У ліпені 2026 году Ізраіль перадаў ЗША зьвесткі пра новы іранскі плян забойства прэзыдэнта.

Каментары