Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц назваў памылкай рашэньне не прымаць Украіну ў НАТО, прынятае на саміце альянсу ў Бухарэсьце ў 2008 годзе. Ён заявіў пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі з генэральным сакратаром НАТО Маркам Рутэ ў Бэрліне.
Паводле слоў Мэрца, памылкай было не пайсьці за прапановай ЗША прыняць Украіну. Ён лічыць, што калі б краіна стала сябрам альянсу, «гэтай вайны, верагодна, можна было б пазьбегнуць» (літаральная цытата).
Мэрц выказаўся за гарантыі бясьпекі для Кіева, падобныя да артыкула 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы. Паводле гэтага артыкула, узброены напад на аднаго зь сяброў НАТО лічыцца нападам на ўвесь альянс. Канцлер адзначыў, што такія гарантыі вельмі блізкія да поўнага сяброўства.
«Шчыра кажучы, я не ўяўляю будучыні Украіны без такіх гарантыяў бясьпекі, якія ёй вельмі патрэбныя. І гэта гарантыі бясьпекі ня толькі для Украіны, але і для ўсіх нас», — сказаў ён.
Канцлер таксама заявіў, што эўрапейскія дзяржавы гатовыя да шматбаковага дыялёгу з Расеяй. «Эўропа гатовая да перамоваў з Расеяй, і мірныя перамовы мусяць прайсьці ў хуткім часе», — сказаў Мэрц.
Мэрц назваў лягічнай пазыцыю прэзыдэнта Францыі Эмманюэля Макрона, які прапанаваў зноў абмеркаваць уступ Украіны ў НАТО. Макрон заявіў пра гэта пасьля саміту «кааліцыі ахвотных» у Бэрліне, спаслаўшыся на максымалісцкія патрабаваньні Расеі. Паводле Мэрца, гэтая пазыцыя адпавядае патрэбе Украіны ў гарантыях пасьля заканчэньня вайны.
Яшчэ 15 лістапада Макрон заклікаў прыняць Украіну ў альянс. Паводле яго слоў, у яе «наймацнейшая ў Эўропе канвэнцыйная армія», і яна мусіць заняць «годнае месца» ў НАТО.
Рутэ раней паведаміў, што краіны НАТО пакуль не выпрацавалі адзінай пазыцыі наконт магчымага сяброўства Украіны. Паводле яго слоў, шэраг дзяржаваў блёку выступае супраць прадастаўленьня Кіеву такіх гарантыяў.
Расея неаднаразова заяўляла пра недапушчальнасьць уступу Украіны ў НАТО. Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў пацьвердзіў гэтую пазыцыю і сказаў, што ўдзел эўрапейскіх краінаў у перамовах з Масквой не абмяркоўваецца.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі 21 лістапада заявіў, што пытаньне сяброўства абмяркоўваецца з саюзьнікамі, а вынік будзе залежаць ад умоваў заканчэньня вайны.
На саміце ў Бухарэсьце ў 2008 годзе краіны альянсу заявілі пра намер прыняць Украіну і Грузію ў будучыні, але тэрміну не вызначылі. Нямеччына і Францыя тады выступалі супраць прадастаўленьня Кіеву пляну дзеяньняў па падрыхтоўцы да сяброўства.
Словы Мэрца сталі ўскоснай крытыкай тагачаснай канцлеркі Ангелы Мэркель. Яна ня раз тлумачыла сваю адмову тым, што пры руху Украіны ў бок альянсу вайна магла б пачацца значна раней.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…