У Севастопалі з 00:00 19 лістапада на запраўках сетак «Атан» і «ТЭС» за адзін раз можна заправіць поўны бак і дадаткова купіць ня болей за 20 літраў паліва ў каністры. Пра гэта паведаміў прызначаны Расеяй кіраўнік горада Міхаіл Разважаеў.
Абмежаваньні зьявіліся пасьля ажыятажу на АЗС. Паводле паведамленьняў мясцовых інтэрнэт-супольнасьцяў, некаторыя кіроўцы куплялі за адзін раз па 200–500 літраў бэнзіну. Праз такія аб'ёмы астатнія жыхары не маглі заправіць аўтамабілі.
Уначы 19 лістапада Украіна ўжо ў трэці раз з пачатку тыдня атакавала Крымскі мост.
Паводле зьвестак украінскага OSINT-праекту Exilenova+, пасьля удараў па мосьце жыхары пачалі масава езьдзіць на запраўкі, баючыся перабояў з пастаўкамі праз збоі ў лягістыцы. Акупацыйныя ўлады патлумачылі ліміты неабходнасьцю забясьпечыць доступ да бэнзіну для ўсіх жыхароў і не дапусьціць скупкі паліва асобнымі кіроўцамі.
Разважаеў дадаў, што раней некаторыя людзі ўвозілі ў Крым празь мост па 100–200 літраў паліва на ўласным транспарце.
Ліміты ў горадзе ўводзяць не ўпершыню. У траўні 2026 году ўлады Крыму і Севастопаля ўвялі талёны на бэнзін праз паліўны крызіс, а 22 траўня адміністрацыя Севастопаля абмежавала продаж паліва да 20 літраў на аўтамабіль.
Прызначаны Расеяй кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў напісаў, што рух па мосьце часова перакрыты, усе адказныя службы на працоўных месцах, а шкоду ацэньваюць. Паводле зьвестак украінскага маніторынгавага канала Exilenova+, па пераправе білі ракетамі.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…