Палітыка Міжнародныя адносіны

ЗША прапусьцілі праз свой рахунак больш за 12 млрд даляраў вэнэсуэльскіх нафтавых даходаў

Паводле справаздачы KPMG, з гэтай сумы 11.7 млрд даляраў пайшло на валютныя аўкцыёны для падтрымкі балівара. Рашэньні пра пераводы застаюцца за амэрыканскімі ўладамі.

ЗША прапусьцілі праз свой рахунак больш за 12 млрд даляраў вэнэсуэльскіх нафтавых даходаў

Прапанаваць вокладку

За першыя дзевяць месяцаў 2026 году праз рахунак пад кантролем уладаў ЗША прайшло больш за 12 млрд даляраў даходаў Вэнэсуэлы ад нафты і іншых прыродных рэсурсаў. Гэта вынікае са справаздачы, якую Дзярждэпартамэнт перадаў Кангрэсу; пра яе паведаміла The New York Times са спасылкай на канфідэнцыйны дакумэнт аўдытарскай кампаніі KPMG.

З 3 студзеня па 30 верасьня на банкаўскі рахунак Venezuela Custody паступіла больш за 12.26 млрд даляраў ад правераных і ліцэнзаваных арганізацыяў, гаворыцца ў справаздачы. Большую частку сродкаў накіравалі ў Вэнэсуэлу, у тым ліку 11.7 млрд даляраў пайшло на падтрымку нацыянальнай валюты.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту паведаміў, што справаздача датаваная 29 кастрычніка, а Кангрэсу яе перадалі напачатку лістапада.

Больш за 12.1 млрд даляраў паступленьняў даў продаж нафты, нафтапрадуктаў і прыроднага газу. Золата прынесла 108 млн даляраў, карысныя выкапні — 22 млн даляраў, угнаеньні — 24.6 млн даляраў.

Выдаткавана 12.11 млрд даляраў, амаль 99% сумы, якая паступіла. Асноўная частка пайшла на валютныя аўкцыёны, якія праводзяць вэнэсуэльскія ўлады, — 11.7 млрд даляраў для падтрымкі балівара. Яшчэ 133 млн даляраў наўпрост выплацілі пастаўшчыкам за паслугі ўраду Вэнэсуэлы. Да канца верасьня на рахунку заставалася прыкладна 170 млн даляраў.

Паводле апісаньня ў справаздачы, пакупнікі вэнэсуэльскай нафты і іншых рэсурсаў уносілі грошы на рахунак у Міністэрстве фінансаў ЗША, адкуль яны перадаваліся часоваму ўраду. Спачатку рахунак дзейнічаў у Катары, у канцы студзеня яго перанесьлі ў Citibank у Нью-Ёрку.

У дакумэнце сказана, што сродкі застаюцца сувэрэннай уласнасьцю Вэнэсуэлы, але «ўтрымліваюцца да моманту іх выкарыстаньня для грамадзкіх, урадавых або дыпляматычных мэтаў» — паводле рашэньняў, якія вызначае дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё. Ва ўказе Дональда Трампа ад 9 студзеня замацавана, што ЗША толькі захоўваюць гэтыя грошы. Як піша The New York Times, канчатковыя рашэньні пра пераводы, уключна з тэрмінамі і атрымальнікамі, застаюцца за амэрыканскімі ўладамі.

Найбуйнейшыя ўкладнікі, паводле зьвестак газэты, — сыравінныя трэйдэры Trafigura і Vitol.

Ананімны амэрыканскі чыноўнік заявіў, што справаздача паказвае: мэханізм працуе. Паводле яго слоў, за дзевяць месяцаў сродкі з рахунку накіравалі на дзяржаўныя паслугі, макраэканамічную стабільнасьць і аднаўленьне энэргетыкі, аховы здароўя і інфраструктуры.

Паводле паведамленьня Reuters, мэханізм зьявіўся пасьля таго, як у студзені адміністрацыя Трампа ўжыла захады супраць улады тагачаснага прэзыдэнта Нікаляса Мадура. Мадура захапілі ў ходзе спэцыяльнай апэрацыі амэрыканскай арміі, і ён знаходзіцца ў турме Нью-Ёрку ў чаканьні суду: яму прад'яўленыя абвінавачаньні, уключна з гандлем наркотыкамі, якія ён адмаўляе. Вэнэсуэлай цяпер кіруе Дэльсі Радрыгес, раней — паплечніца Мадура.

У жніўні Вашынгтон і Каракас абвесьцілі, што ЗША возьмуць пад кантроль нафтавыя радовішчы краіны, патэнцыял здабычы якіх ацэньваецца ў 65 млрд барэляў. У студзені 2026 году ЗША прадалі першую партыю вэнэсуэльскай нафты на 500 млн даляраў, а 21 студзеня Вэнэсуэла атрымала першы транш у 300 млн даляраў.

Каментары