Палітыка Улады

Telegram-канал: Лукашэнка пагражаў звольніць усіх губэрнатараў, у Віцебскай вобласьці першая замена

Паводле сьцьвярджэньня Telegram-канала «Беларуская выведка», Лукашэнка незадаволены станам прамысловасьці. Зьвесткі канала не пацьверджаныя афіцыйнымі крыніцамі.

Аляксандар Лукашэнка — Telegram-канал: Лукашэнка пагражаў звольніць усіх губэрнатараў, у Віцебскай вобласьці першая замена
На ілюстрацыі: Аляксандар Лукашэнка

Прапанаваць вокладку

Лукашэнка на нарадзе пагразіў звольніць усіх губэрнатараў і замяніць іх на «генэралаў», а пасьля нарады першая замена адбылася ў Віцебскай вобласьці. Пра гэта сьцьвярджае Telegram-канал «Беларуская выведка». Афіцыйных пацьверджаньняў у паведамленьні канала няма.

Па вэрсіі канала, апошнія два тыдні Лукашэнка ўсё больш патрабуе зьвестак ад Дзяржкантролю і КДБ і паводзіць сябе падазрона, на мяжы паранойі. Ён таксама абвінавачвае вэртыкаль і мясцовых кіраўнікоў у невыкананьні ягоных распараджэньняў.

Крыніцы канала кажуць, што абсалютна ўсе ў вэртыкалі стаміліся ад наездаў, капрызаў і пастаянных невыканальных патрабаваньняў.

Асаблівае незадавальненьне прэзыдэнта, як сьцьвярджае канал, выклікае стан прамысловасьці. Паводле ягоных зьвестак, абсалютна ўсе волаты машынабудаваньня глыбока стратныя, а па выніках году страту пакажа ўся апрацоўчая прамысловасьць, акрамя нафтавай, калійнай і вытворчасьці азотных угнаеньняў. Канал піша, што КДК штодня дакладае гэтыя лічбы. Саміх лічбаў стратаў не прыведзена.

Успышкі гневу і патрабаваньні вырашыць праблемы, зьняць, пасадзіць, па вэрсіі канала, натыкаюцца на бясьсільле чыноўнікаў, якое перайшло ў апатыю і нават сабатаж.

Трыгерам, паводле слоў крыніцаў канала, сталі правал перамоваў з амэрыканцамі, правал пляну прарыву эканамічнай ізаляцыі зь Эўразьвязам і няўдача Трампа і рэспубліканскай партыі на выбарах.

Каментары