Тэхналёгіі Кібэрбясьпека

Траян RatHat з ШІ знайшлі на Android-смартфонах у Беларусі і Расеі

Паводле зьвестак кампаніі F6, траян маскуецца пад «новую сацыяльную сетку» і падмяняе зьвесткі банкаўскіх картак. Заражаных прыладаў пакуль каля 10.

Траян RatHat з ШІ знайшлі на Android-смартфонах у Беларусі і Расеі

Прапанаваць вокладку

Кампанія па кібербясьпецы F6 паведаміла, што шкодная праграма RatHat для Android выяўленая на рэальных прыладах пацярпелых у Расеі і Беларусі. Паводле яе зьвестак, колькасьць скампрамэтаваных прыладаў у дзьвюх краінах складае каля 10.

Празь фішынгавыя сайты траян атакуе карыстальнікаў фінансавых сэрвісаў. Ён маскуецца пад карысную праграму: дасьледаваны ўзор выдаваў сябе за «новую сацыяльную сетку», кажа F6.

Паводле апісаньня F6, у праграмы «незвычайна высокі ўзровень прывілеяў» на заражанай прыладзе: доступ да экрана, камэры, мікрафона і іншых функцыяў. Дазволы выдаюцца за пару сэкундаў і выглядаюць як простае пераключэньне вокнаў.

Траян умее падмяняць зьвесткі, напрыклад пры ўводзе рэквізытаў банкаўскай карткі. Ён таксама можа зьмяняць сваю назву і значок на галоўным экране ці хавацца адтуль, каб яго было цяжэй выявіць.

Асаблівасьць RatHat, паводле зьвестак F6, — нэйрасетка Google Gemini 2.5 Flash-Lite, да якой шкодная праграма зьвяртаецца праз API. ШІ дапамагае ёй прыстасоўвацца да рэгіянальных прашывак прыладаў і знаходзіць патрэбныя элемэнты інтэрфэйсу, а значыць, зламысьнікі могуць атакаваць карыстальнікаў у любых краінах.

Сам Gemini даступны ў Беларусі з кастрычніка 2025 году.

RatHat упершыню апісалі ў верасьні 2026 году. У F6 адзначаюць, што адзінкавыя выпадкі звычайна аказваюцца пачаткам кампаніяў з новымі відамі шкоднага ПЗ для Android супраць кліентаў банкаў. Для Расеі, як сказана ў заяве кампаніі, статус новай пагрозы даволі хутка зьмяніўся з «верагоднай» на «чаканую».

Каментары