У Беларусі ўсё часьцей знаходзяць насякомых, якіх у краіне раней не было. Навукоўцы асабліва сочаць за двума клапамі з Паўночнай Амэрыкі: амэрыканскім хваёвым клапом (Leptoglossus occidentalis) і дубовай кружаўніцай (Corythucha arcuata). Абодва віды ўжо асвоілі значную частку Эўропы і ўключаныя ў адзіны пералік карантынных аб'ектаў ЕАЭС.
Амэрыканскага хваёвага клапа ўпершыню заўважылі ў 2020 годзе ў Белавескай пушчы. За шэсьць гадоў ён расьсяліўся практычна па ўсёй краіне. Часьцей за ўсё яго знаходзяць на поўдні, у Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях, а з 2024 году ён сустракаецца і ў Гарадзенскай вобласьці.
Не выявілі клапа толькі ў Віцебскай і Магілёўскай абласьцях. Навукоўца Вольга Найман адзначыла: «Найпаўночнейшым пунктам распаўсюджаньня L. occidentalis у нашай краіне стаў Менск».
Дубовую кружаўніцу ўпершыню знайшлі ў Кобрынскім раёне ў жніўні 2025 году. Яна засяляецца калёніямі на лісьці дубоў, парэчак, шыпшыны і яблынь і сілкуецца іх сокам. Праз гэта дрэвы раней часу скідаюць лістоту, горш пераносяць маразы і могуць загінуць.
Хваёвы клоп сілкуецца больш чым 40 відамі хвойных, у тым ліку сасной звычайнай. Дрэвы пасьля гэтага даюць значна меней насеньня, а Беларусь экспартуе насеньне хвойных, таму праблема можа апынуцца сур'ёзнай. Апроч таго, клоп пераносіць грыбок, які аслабляе і сушыць сосны.
Навукоўцы разам з «Бельлесазашчытай» сочаць за распаўсюдам шкоднікаў. Далейшыя дасьледаваньні, як мяркуецца, дапамогуць распрацаваць спосабы барацьбы з імі з улікам беларускага клімату.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…