Дзяржава Фінансы

Стрымэры ў TikTok заплацяць 13% з усёй выведзенай сумы, а пераводы на карту падаткам не абкладаюцца да 6000 рублёў

Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла, што грошы з TikTok не лічацца падарункам ад фізычнай асобы. Падатак з прамых пераводаў гледачоў плацяць толькі з сумы звыш ліміту.

Стрымэры ў TikTok заплацяць 13% з усёй выведзенай сумы, а пераводы на карту падаткам не абкладаюцца да 6000 рублёў

Прапанаваць вокладку

Беларускія стрымэры, якія выводзяць грошы з TikTok, мусяць плаціць падаходны падатак 13% з усёй выведзенай сумы. Пра гэта 17 лістапада растлумачыла Міністэрства па падатках і зборах: даходы блогераў ад прамых эфіраў абкладаюцца па-рознаму ў залежнасьці ад спосабу атрыманьня грошай. Сродкі, якія выводзяцца з плятформы, міністэрства не лічыць падарункамі ад фізычных асобаў.

Падатковая разглядае гэта як даход з крыніцаў за межамі Беларусі: грошы паступаюць стрымэру не ад гледача, а ад замежнай кампаніі — уладальніцы плятформы. Стандартная стаўка падаходнага падатку — 13%. Падатак бярэцца з усёй сумы, а ня толькі з часткі вышэй за які-небудзь ліміт.

Калі гледачы адпраўляюць грошы наўпрост на картку або электронны кашалёк стрымэра, паводле тлумачэньня міністэрства, гэта падарунак ад фізычнай асобы. Падарункі ад фізычных асобаў зь Беларусі і з-за мяжы не абкладаюцца падаткам, пакуль іх агульная сума не перавышае 6000 беларускіх рублёў на год. Падатак 13% плацяць толькі з сумы звыш гэтага ліміту.

Паводле слоў міністэрства, у 2026 годзе льгота дзейнічае да 6000 рублёў за год ад крыніцаў у Беларусі і асобна столькі ж з-за мяжы. Для грошай, выведзеных з TikTok, гэтая льгота не ўжываецца (арт. 208 Падатковага кодэксу).

Падатковы рэзыдэнт Беларусі павінен сам падаць дэклярацыю і выплаціць падатак з даходу ад TikTok. Па выніках году трэба паказаць усе паступленьні, якія лічацца даходам. Тэрмін падачы — да 31 сакавіка году, наступнага за справаздачным. Падатак выплачваецца паводле паведамленьня падатковай.

Калі стрымэр аформіў ІП, ён выбірае сыстэму абкладаньня падаткам, напрыклад спрошчаную, і плаціць паводле яе.

Падчас прамых трансьляцыяў гледачы купляюць за рэальныя грошы манэты TikTok і трацяць іх на анімаваныя віртуальныя падарункі, а аўтару эфіру плятформа налічвае іх. Такія падарункі даўно сталі прыкметнай крыніцай даходу для блогераў і стрымэраў.

Каментары