Закон пра выбары ў Польшчы 1922 году не пазбаўляў права голасу тых, хто чытаў і пісаў па-беларуску, а лічба стратаў Чырвонай арміі ў 737 загінулых датычыць двух франтоў, а не Беларусі. Гэта вынікае зь першакрыніцаў, на якія спасылаюцца самі аўтары сьцьвярджэньняў, якія прагучалі. Гэтай восеньню дзяржаўныя мэдыя, ад мастоўскай раёнкі да «Беларусь 1», шмат пісалі пра «польскі прыгнёт» і падзеі 1939 году на Гарадзеншчыне.
Раённая газэта «Зара над Нёманам» апублікавала артыкул кандыдата гістарычных навук Уладзімера Ягорычава. Ён сьцьвярджае: «Тых, хто пісаў і чытаў па-беларуску, лічылі непісьменнымі і пазбаўлялі выбарчага права».
Выбарчая ардынацыя ад 28 ліпеня 1922 году давала права голасу грамадзянам Польшчы з 21 года. Уменьне чытаць і пісаць па-беларуску не ўваходзіла ў падставы для пазбаўленьня гэтага права. Правілы наогул не патрабавалі ад выбарнікаў пісьменнасьці: галасаваць маглі і непісьменныя грамадзяне.
Моўныя патрабаваньні тычыліся членаў выбарчых камісіяў. Артыкул 25 закону 1922 году патрабаваў ад іх умець чытаць і пісаць па-польску, а артыкул 16 абноўленага закону 1935 году — валодаць польскай мовай вусна і пісьмова. Ні ў 1922-м, ні ў 1935 годзе нікога не пазбаўлялі права голасу толькі за тое, што ён чытаў і пісаў па-беларуску.
Абмежаваньні пры гэтым былі, але іншыя. Выбарчая ардынацыя ў Сэнат 1935 году ўвяла высокі адукацыйны і грамадзкі цэнз, які звузіў права голасу для нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку беларусаў.
Да Дня народнага адзінства тэлеканал «Гродна Плюс» апублікаваў матэрыял «Як Чырвоная армія вызваляла Горадню ў 1939-м?». У ім гаворыцца: «У баях з часткамі Войска Польскага Чырвоная Армія страціла ў Беларусі 737 забітымі і 1862 параненымі».
Гэтыя лічбы назваў Вячаслаў Молатаў у дакладзе на сэсіі Вярхоўнага Савета СССР 31 кастрычніка 1939 году, але як агульныя страты двух франтоў, Беларускага і Украінскага. Па Беларускім фронце асобна ён назваў 246 загінулых і 503 параненых.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…