Грамадзтва

За ДТЗ зь дзікай жывёлай у Беларусі плацяць па «аўтаграмадзянцы», нават калі вінаваты кіроўца

Выплата пакрывае шкоду жыцьцю і здароўю, але не рамонт машыны. Паводле ДАІ, з пачатку 2026 году ў такіх аварыях загінулі 6 чалавек і 93 атрымалі траўмы.

За ДТЗ зь дзікай жывёлай у Беларусі плацяць па «аўтаграмадзянцы», нават калі вінаваты кіроўца

Прапанаваць вокладку

Пацярпелыя пры сутыкненьні зь дзікай жывёлінай могуць атрымаць страхавую выплату за шкоду жыцьцю і здароўю, нават калі вінаваты сам кіроўца. Пра гэта заявіў генэральны дырэктар Беларускага бюро па транспартным страхаваньні Ігар Клепча. Умова адна: на машыну мусіць дзейнічаць дамова абавязковага страхаваньня грамадзянскай адказнасьці, «аўтаграмадзянка». Шкода здароўю мусіць быць прычыненая менавіта сутыкненьнем з жывёлінай.

Такое права замацавана ва ўказе прэзыдэнта ад 18 сакавіка 2025 году № 108. Паводле Клепчы, шкода ў такіх аварыях часта аказваецца даволі сур'ёзнай, таму парадак абавязковага страхаваньня зьмянілі.

Атрымаць грошы могуць кіроўца, уладальнік машыны, калі ён ехаў пасажырам, і спадкаемцы загінулага. Кіроўцу і ўладальніку выплачвае Беларускае бюро па транспартным страхаваньні з гарантыйнага фонду. Астатнім пасажырам плаціць страхавая кампанія, дзе аформленая «аўтаграмадзянка».

Максымум за шкоду жыцьцю або здароўю — 1150 базавых велічыняў, цяпер гэта 51750 рублёў. У гэты ліміт уваходзяць выдаткі на пахаваньне — да 460 базавых велічыняў.

Выплата можа пакрыць страчаны заробак, лячэньне, лекі, мэдычную рэабілітацыю і іншыя неабходныя выдаткі. Пашкоджаньне аўтамабіля, іншай маёмасьці і маральная шкода па гэтым мэханізьме не кампэнсуюцца.

Паводле зьвестак ДАІ на 12 лістапада, з пачатку 2026 году ў аварыях зь дзікімі жывёламі загінулі 6 чалавек, яшчэ 93 атрымалі траўмы.

Цягам паўтара года пасьля зьмены парадку па выплату зьвярнуліся 13 пацярпелых: чатыры ў 2025 годзе і дзевяць у 2026-м. Клепча лічыць, што многія кіроўцы пра такую магчымасьць ня ведаюць.

«Далёка ня ўсе грамадзяне ведаюць пра сваё права на кампэнсацыю шкоды ў падобных сытуацыях», — сказаў ён.

Многія кіроўцы ўпэўненыя, што калі пацярпела толькі машына, а вінаватай лічаць жывёлу, разьлічваць няма на што. Так і ёсьць: абавязковая страхоўка не пакрывае пашкоджаньні аўтамабіля.

Калі жывёла загінула, а вінаватым прызнаны кіроўца, ён абавязаны кампэнсаваць шкоду паводле артыкула 63 закона «Пра жывёльны сьвет».

Каментары