Мінздароўя Ізраіля 20 лістапада паведаміла пра адкліканьне партыі вэнджанай фарэлі берасьцейскай кампаніі «Санта Бремор». У прадукце выявілі бактэрыю Listeria monocytogenes, якая выклікае лістэрыёз. Імпарцёр здымае з продажу замарожанае філе ва ўпакоўках па 100 г. Партыя выраблена 24 чэрвеня 2026 году.
Гаворка ідзе пра прадукт «Філе фарэлі салёнае, вэнджанае, нарэзанае, замарожанае» (Trout Smoked). Вытворца — «Санта Бремор» зь Берасьця, імпарцёр — Dealer BMD International Ltd. Тэрмін прыдатнасьці партыі — да 24 чэрвеня 2027 году, код партыі 5161/240616/2026, штрыхкод 4810168045586.
Імпарцёр разам зь мінздароўем здымае тавар з гандлёвых сетак.
Лістэрыя выжывае і размнажаецца пры нізкіх тэмпэратурах, таму замарозка ад яе не абараняе. У здаровых людзей хвароба можа працякаць лёгка: з тэмпэратурай, цягліцавым болем, млоснасьцю і дыярэяй.
Для цяжарных, нованароджаных, пажылых і людзей з аслабленым імунітэтам інфэкцыя часта цяжкая: магчымыя сэпсіс і мэнінгіт. У цяжарных верагодныя выкідак, мёртванараджэньне або цяжкая хвароба нованароджанага. Паводле даных CDC, памірае 1 з 20 нецяжарных пацыентаў з інвазіўнай формай. Лістэрыёз лечаць антыбіётыкамі.
Пакупнікоў просяць не ўжываць гэты прадукт у ежу. Людзям з групаў рызыкі раяць пазьбягаць непастэрызаваных малочных вырабаў і ахалоджаных вэнджаных морапрадуктаў.

Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…